Апытанне: хакею не будзе?


Лёс чэмпіянату свету па хакеі 2014 г. вырашыцца ўвосень. Міжнародная федэрацыя абмяркоўвае магчымы перанос спаборніцтваў з нашай краіны. Падзея была перанесеная толькі аднойчы: пасля акупацыі Чэхаславаччыны войскамі Варшаўскай дамовы ў 1968 г. чэмпіянат адбыўся замест Прагі ў Стакгольме.

“Белсат” запытаўся ў жыхароў сталіцы: як яны ставяцца да такой спробы ціску на кіраўніцтва Беларусі? Ці вераць у магчымы перанос спартовай імпрэзы?

“Я лічу, што гэта бессэнсоўны ціск, бо чэмпіянат усё роўна будзе праведзены, як бы ні хацелі іншага еўрапейскія палітыкі. Гэта чэмпіянат свету, і ён мае прайсці ў Рэспубліцы Беларусь”, – мяркуе мужчына.

“Я думаю, што было б няблага яго адмяніць, бо шмат людзей сядзяць у турмах. А за што? Так вось я думаю”, – кажа дзяўчына.

“Увогуле для краіны – гэта, канечне, дрэнна, але… Далей без каментара”, – не скончыла думкі чарговая апытаная.

“Мяркую, што гэта больш-менш дзейны спосаб ціску на палітыку нашае краіны, таму ў прынцыпе і не супраць пераносу”, – кажа малады чалавек.

“Нічога ў іх не атрымаецца. Чэмпіянат правядуць, як трэба, у 2014 годзе. Бо, разумееце, народ увесь за тое, каб правесці, нават Захад за нас. Чаму гэта мы мусім слухаць нейкіх асобных людзей, што хочуць пераносу чэмпіянату? У нас жа як – вось Лукашэнка, моладзь нашая ўся гуляе ў хакей. Усе за! Чаму мы мусім адмаўляцца ад гэтага? Аргументы за адмену? Ведаеце, так паміж намі: я гэтых людзей, што супраць нашае сістэмы, нават слухаць не хачу”, – адрэзаў чалавек сталага веку.

belsat.eu

Стужка навінаў