Марыя Пшэломец у "Гарачым каментары"


Палітыкі, праваабаронцы… а цяпер і журналісты. Сёння раніцаю за мяжу не выпусцілі шэф-рэдактара незалежнага выдання “Наша Ніва” Андрэя Дынька. Такім чынам, з’явілася новае пацверджанне існавання спісу невыязных з Беларусі.

Журналіста высадзілі з цягніка “Менск–Вільня”. Прычыну абмежавання права на выезд яму не патлумачылі. Сам журналіст мяркуе, што ён уваходзіць у спіс невыязных, які ўлады Беларусі абяцалі стварыць у адказ на санкцыі Еўразвязу. Афіцыйна існаванне такога спісу не пацвярджаецца, але факты гавораць самі за сябе. За апошні тыдзень за мяжу не змаглі выехаць: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сябра гэтай жа партыі Аляксандр Дабравольскі, старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Паводле журналісткі Марыі Пшэломец, увядзенне такіх абмежаванняў з боку ўладаў толькі пацвярджае эфектыўнасць апошніх санкцыяў ЕЗ. “Лукашэнка хоча паказаць Еўразвязу, што ў яго таксама ёсць нейкія інструменты, што ён таксама можа неяк націскаць на ЕЗ і адказаць на санкцыі. А магчыма, ён спадзяецца на нейкія саступкі з боку захаду”, – зазначыла спадарыня Пшэломец.

Даведацца, хто ёсць у гэтым спісе, немагчыма. У яго можа трапіць практычна кожны грамадзянін Беларусі. Чаму ж беларускае грамадства маўчыць? “Перадусім таму, што гэта пакуль не датычыць кожнага беларуса. Гэта датычыць нейкіх вузкіх колаў. А гэтымі абмежаваннямі Лукашэнка проста паказвае сваю “магутнасць”, – мяркуе журналістка.

belsat.eu

Стужка навінаў