Маці Божая ў масцы


У Новасібірску з’явіліся плакаты ў падтрыманне арыштаваных удзельніц панк-гурта «Pussy Riot».

Надзею Талаконнікаву і Марыю Алехіну арыштавалі пасля “панк-малебну” “Маці Божая, прагані Пуціна” ў Саборы Хрыста-Збаўцы. Ім пагражае да сямі гадоў зняволення.

Больш за 2000 чалавек падпісаліся пад адкрытым лістом да Расейскай Праваслаўнай Царквы з просьбаю не даводзіць справу да суда, беручы пад увагу тое, што арыштаваныя маюць малых дзяцей.

8 сакавіка ў Маскве прайшлі адзіночныя пікеты з патрабаваннем вызваліць жанчын, аднак у Новасібірску да справы падышлі больш крэатыўна. У цэнтры гораду з’явіліся білборды з выяваю Маці Божай у масцы-балаклаве – у падобных выступаюць «Pussy Riot».

«Гэта выраз нашага падтрымання, бо ў Маскве можна праводзіць пікеты каля ізалятару, а ў Новасібірску – ну каля чаго праводзіць пікеты? Мы ўжо іх [плакаты] сфатаграфавалі, знялі – яны ў інтэрнэце будуць вісець вечна. А ў горадзе, наколькі разумею, не вельмі легальна яны знаходзяцца – яны могуць правісець некалькі дзён, а могуць быць знятыя праз 5 хвілінаў», – кажа мастак Арцём Лоскутаў.

У Лоскутава таксама былі праблемы з законам з-за творчасці. Пасля ягоных перформансаў, якія крытыкуюць дзейнасць РПЦ, мастака арыштавалі. Гурт «Pussy Riot» тады патрабаваў ягонага вызвалення.

belsat.eu

Стужка навінаў