Справу Вінаградава працягнуць разглядаць заўтра


Суддзя Маскоўскага раённага суда Яўген Хаткевіч прыняў рашэнне выклікаць у суд яшчэ аднаго сведку таго, як актывіст «лаяўся матам».

«Упершыню я бачу, што суддзя імкнецца разабрацца ў справе, імкнецца вяршыць правасуддзе», – пракаментаваў «Белсату» вынікі сённяшняга судовага паседжання Павал Вінаградаў.

Паводле актывіста, суддзю не задаволілі паказанні сведкаў-міліцыянтаў, якія сцвярджалі, што Павал Вінаградаў, не паспеўшы выйсці на волю пасля 10 дзён адміністратыўнага арышту, пачаў гучна лаяцца матам на прыступках адной з менскіх крамаў. Суддзя прыняў да ўвагі паказанні падсуднага, які заявіў, што з Акрэсціна яго вывезлі на службовым міліцэйскім аўце ў гарадскі аддзел міліцыі для складання пратаколу аб правапарушэнні, якога той не здзяйсняў. Хаткевіч пастанавіў выклікаць у суд у якасці сведкі працаўніка Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.

Судовае паседжанне працягнецца заўтра, 13 сакавіка, а 16:10. Павал Вінаградаў спадзяецца, што суд будзе аб’ектыўным пры прыняцці рашэння. Калі ж Вінаградава ўсё-ткі прызнаюць вінаватым, ён як былы палітзняволены можа трапіць пад прэвентыўны нагляд. То бок у адносінах да актывіста могуць увесці абмежавальныя захады – напрыклад, забараніць пакідаць межы Менску без дазволу міліцыі, падчас правядзення вулічных акцыяў абавязкова заставацца дома, а таксама не выходзіць з дому ўвечары і ўночы ды г. д.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!», былы палітвязень Павал Вінаградаў быў асуджаны 22 лютага на 10 дзён адміністратыўнага арышту за цацачную акцыю пратэсту. Пасля сканчэння тэрміну пакарання Вінаградаў на волю так і не выйшаў. Праз некалькі гадзінаў пошукаў сваякі і сябры Паўла даведаліся, што ён зноўку змешчаны ў ЦІП на Акрэсціна нібыта за дробнае хуліганства.

belsat.eu

Стужка навінаў