Казахстан і Расея заступаюцца за Лукашэнку


На сайце расейскага ўраду з’явілася супольная заява ўрадаў Беларусі, Казахстану і Расеі пра недапушчальнасць выкарыстання захадаў эканамічнага ціску ў дачыненні Беларусі.

«Дзеючы ў духу агульнага падыходу, узгодненага кіраўнікамі дзяржаваў Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расейскай Федэрацыі, а таксама з улікам неаднаразовых заяваў ЗША і Еўрапейскага Звязу пра магчымасць прымянення эканамічных абмежаванняў да адной з дзяржаваў – чальцоў Мытнага саюзу / Адзінай эканамічнай прасторы ўрады Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расейскай Федэрацыі пацвярджаюць недапушчальнасць выкарыстання захадаў эканамічнага ціску або прымушэння», – гаворыцца ў заяве.

Такія захады, мяркуюць аўтары дакументу, «ствараюць штучныя бар’еры ў гандлі, неабгрунтаваныя перашкоды эканамічнаму ўзаемадзеянню суб’ектаў гаспадарання на тэрыторыі Мытнага саюзу / Адзінай эканамічнай прасторы, ушчамляюць законныя інтарэсы эканамічнай бяспекі дзяржаваў, што хавае ў сабе нанясенне стратаў прадуктыўнай узаемавыгаднай супрацы, развіццю інтэграцыйных працэсаў на Еўразійскім кантыненце». «Гэта будзе мець негатыўныя наступствы, найперш для звычайных грамадзянаў», – сказана ў заяве.

Урады трох краінаў «цвёрда перакананыя, што толькі раўнапраўны і паважлівы дыялог будзе спрыяць урэгуляванню міжнародных разыходжанняў, і выступаюць за адмову ад любых дзеянняў, якія перашкаджаюць такому дыялогу».

Заяву падпісалі прэм’ер-міністры Беларусі, Казахстану і Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў