Дэмбіньскі: Цэнзура была толькі ў Пекіне і Менску


Унікальны праект, які аб’яднаў Пекін, Токіа, Менск, Кіеў і Маскву. У пяці дакументальных фільмах мы можам пабачыць абліччы пяці гарадоў, вядомыя толькі іхным жыхарам. Такога Менску вам не пакажуць у навінах.

Прэм’ера дакументальнага цыклу «Свет ад золку да змяркання» – 11 сакавіка, 19:55



11 сакавіка, а 19:55 першая частка праэкту – «Менск ад золку да змяркання».

Як паўставаў праект? Чым адрозніваюцца сусветы Менску, Пекіну, Токіа, Кіева, Масквы? Пра ўнікальнасць праекту распавядае рэжысёр-дакументаліст Мірослаў Дэмбіньскі:







Ідэя вельмі старая. Мы з Мацеем Дрыгасам выкладалі ў Лодзі [у кінашколе] дакументальнае кіно, і пяць гадоў таму паўстала канцэпцыя «Лодзь ад золку да змяркання». Ідэя нарадзілася з таго, каб паказаць гэты свет інакш, чымся ён выглядае па тэлебачанні – не падзеі, якія толькі падаюцца важнымі, нейкія здарэнні, а толькі звычайныя рэчы: каб пабачыць усмешку жабрака на вуліцы, задуменне гандляра на кірмашы, каб у такіх дробных справах пабачыць рэчы глыбей, пабачыць нешта важнейшае, эмацыйна бліжэйшае чалавеку. Гэта нібы ў кроплі вады пабачыць увесь космас. Такія правілы мы прынялі, і гэта пачало ажыццяўляцца. З нашымі студэнтамі мы зрабілі пяць такіх фільмаў.

Гэта так падабалася нам і нашым студэнтам, што мы вырашылі пашырыць гэта на ўвесь свет. З гэтага параўнання атрымаецца яшчэ адна дадатковая вартасць – мы свет пабачым у пэўным сінтэзе. Яшчэ адзін важны аспект: едучы у гэтыя гарады, да студэнтаў, мы не прапаноўвалі ім нашага бачання свету, як, напрыклад, калі ў Пекін едзе тэлебачанне «Бі-бі-сі», англічане робяць [матэрыял] пра «свой» Пекін, як яны яго бачыць сваімі вачыма. Але мы туды паехалі, каб пабачыць Пекін вачыма маладых кітайцаў. І яны свой свет паказвалі так, як яны яго ведаюць, значна глыбей за нас і людзей з «Бі-бі-сі». Мы ім прапанавалі толькі канкрэтны метад працы. І мне падаецца, што нарадзіўся такі вобраз Менску, які сапраўды вельмі эмацыйны і вельмі цікавы, менавіта таму, што ён не ёсць палітычным, бо не кажа пра дэманстрацыі, не кажа пра апазіцыю наўпрост, распавядае пра жыццё звычайных людзей. Дзякуючы гэтаму ён глыбейшы, сягае эмоцыяў, ён бліжэйшы чалавеку і больш праўдападобна паказвае беларускі свет.

Падчас працы паўсюдна былі спецыфічныя праблемы. Натуральна, мы ведалі, што ў Менску будуць праблемы палітычнага характару, што гэты беларускі свет крыху зачынены. Падобныя праблемы былі і ў Пекіне. Толькі ў гэтых дзвюх сталіцах з пяці была цэнзура, якая мусіла зацвердзіць нашыя фільмы. Не было цэнзуры ў Маскве, Кіеве, Токіа – толькі ў Менску і Пекіне. Гэта ўжо цікавае параўнанне, чым адрозніваюцца гэтыя светы. У Менск мы ехалі з вялікім энтузіязмам, бо ведалі: нягледзячы на тое, што Беларусь зачыненая, яна цікавая. Беларусь – гэта маё жыццё. Я зняў стужкі «Урокі беларускай мовы» і «Музычная партызанка» ды болей не магу рабіць фільмы ў Беларусі, бо не магу туды болей прыехаць – не любяць мяне афіцыйныя ўлады. Але гэта не азначае, што ўвесь праект меўся б быць з-за гэтага заблакаваны.



У Менск паехалі Яцэк Петрыцкі і Павэл Лазіньскі ды, на шчасце, атрымалі візы. Іх чакаў вялікі поспех. На першую сустрэчу прыйшлі 60 студэнтаў, а нам трэба было толькі 15 чалавек – давялося рабіць кастынг на ўдзельнікаў курсаў. Дарэчы, Петрыцкі, які таксама закаханы ў Беларусь, раней быў у Токіа, і там у яго былі вялікія праблемы культурнага кшталту. Японскі свет зусім іншы, кантакт з японскімі студэнтамі вельмі цяжкі, гэта іншая культура, і яны былі вельмі закрытыя. Але ў Беларусі гэтае паразуменне паміж куратарамі і студэнтамі было вельмі наўпроставае, сардэчнае, эмацыйнае, і Яцэк Петрыцкі пісаў мне паведамленні: «Ненавіджу Токіа, люблю Менск». Ён быў у эйфарыі ад сустрэчы з беларусамі. Ён перажыў тое самае, што і я некалькі гадоў таму, здымаючы фільмы і спазнаючы маладых беларусаў – гэта захапленне.

Але нас чакала цяжкая праца. Мы працавалі з раніцы да ночы. Праект называецца «Ад золку да змяркання», але і начамі часам мантажуецца. Ува ўсіх было вельмі шмат энтузіязму! Адныя студэнты ішлі здымаць, іншыя мантажавалі – гэта была своеасаблівая фабрыка. Фабрыка ідэі, фабрыка духоўных прадуктаў.

Такім чынам паўстаў праект, які далей развіваецца. У нас шмат ідэяў, у якіх кірунках гэта развіваць. Мы ўжо плануем паехаць у Паўночную Афрыку, дзе ўвесну былі рэвалюцыі: Туніс, Егіпет, Марока, Сірыя, Лівія, усцяж гарачы Ізраіль і Палестына – каб паглядзець, як арабскі свет выглядае з перспектывы людзей, што жывуць там.

Стужка навінаў