Войцех Бародзіч-Смаліньскі ў «Гарачым каментары»


Анатоля Лябедзьку не выпусцілі з Беларусі. Уладны чорны спіс невыязных з Беларусі існуе і працуе? Афіцыйны Менск пасля выбараў у Расеі вырашыў не паляпшаць дачыненняў з Захадам, а працягвае інтэграцыю з Расеяй? Але ці не будзе гэта крокам да страты незалежнасці?

23 сакавіка Еўразвяз разгледзіць беларускае пытанне. Візавыя санкцыі, якія Брусель увёў супраць беларускіх чыноўнікаў, фактычна не маюць плёну. Высыланне дыпламатаў і пагаршэнне дачыненняў могуць прывесці да перагляду стратэгіі кантактаў з Беларуссю. Існуе імавернасць, што аб’яднаная Еўропа абярэ і рэалістычны, і прагматычны варыянт стасункаў.

Такім чынам, лавіраванне паміж Усходам і Захадам зробіцца для ўладаў Беларусі немагчымым. Далейшая ж інтэграцыя з Расеяй паступова будзе прыводзіць да страты суверэнітэту краіны. Зрэшты, выглядае на тое, што ўлады Беларусі пагадзіліся на такі варыянт.

Паводле эксперта Цэнтру міжнародных дачыненняў Войцеха Бародзіча-Смаліньскага, стварэнне спісу невыязных ёсць чымсьці ненармальным – не толькі з гледзішча законаў Еўразвязу, але і паводле законаў самой Беларусі. Таму трэба чакаць цвёрдага адказу, аднак гэта не абавязкова азначае пачатак нейкіх дзеянняў. Адмысловец нагадвае гучны выпадак з Юрыем Чыжом, калі Славенія заблакавала далучэнне яго да спісу неўязных, бо мае супольныя праекты з гэтым бізнесоўцам.

“Еўразвяз пакуль не ведае дакладна, як мае ставіцца да Беларусі. Бо, з аднаго боку, хоча падтрымаць грамадства, але з іншага – не можа прыняць нейкіх рашэнняў, каб паказаць гэтую салідарнасць. Я не маю на ўвазе грошы. Тая ж справа шэнгенскіх візаў цягнецца ўжо некалькі гадоў”, – нагадвае спадар Бародзіч-Смаліньскі.

Новая палітыка Еўразвязу можа быць нашмат больш прагматычная – і не будзе прыемнаю як для ўладаў, так і для апазіцыі. Ці ёсць у ёй месца для беларускага грамадства?

“Калі беларускае грамадства не зможа выказацца больш выразна пра сітуацыю ў Беларусі, то нельга сказаць, што яно ўвогуле ёсць актыўным удзельнікам палітычнага жыцця. Гэта сумна, але такая рэчаіснасць”, – зазначыў Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

belsat.eu

Стужка навінаў