Леанід Заіка: хопіць браць крэдыты!


На кожнага беларуса прыпадае запазычанасць $ 3 тыс. Аднак урад звяртаецца па чарговыя пазыкі.

Як паведаміў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс (Chris Jarvis), эксперты фонду падчас працы ў Менску абмеркавалі зварот Беларусі па фінансавае падтрыманне. Паводле яго, у гэтым пытанні фонду зробіць некалькі крокаў. Пры гэтым, адзначыў Джарвіс, вызначэнне “аб’ёмаў фінансавання, якія могуць спатрэбіцца краіне”, – адзін з апошніх крокаў. Першы – “вызначэнне неабходнай эканамічнай палітыкі ды ўпэўненасць у поўным яе падтрыманні”.

“Перад уладамі стаіць выбар: перастаць гнацца за гэтымі $ 500 і паступова выпраўляць сітуацыю, альбо чыноўнікі будуць зноўку браць грошы і сядзець у сваіх крэслах. Я думаю, што грошы лепш браць у Расеі – без адсоткаў, на прынцыпе любові ды сяброўства. Трэба пажадаць усяго найлепшага місіі Міжнароднага валютнага фонду і займацца справаю, а не прасіць грошай”, – раіць уладам спадар Заіка.

Паводле эканаміста, агульная запазычанасць нашай краіны складае каля $ 30 млрд, альбо 52–56 % ад ВУП. Калі гэтак пойдзе далей, то чарговыя крэдыты Беларусь атрымае на значна горшых умовах – большыя адсоткі альбо пад залог “фамільнага срэбра”.

Запазычанасць Беларусі перад МВФ цяпер складае $ 3,8 млрд. У 2012 годзе Беларусь мусіць накіраваць на пагашэнне вонкавага дзярждоўгу больш як $ 1,6 млрд. У наступныя два гады (2013–2014) штогадовыя плацяжы дзеля пагашэння вонкавага дзярждоўгу ўсім крэдыторам перавысяць $ 3 млрд.

Улады Беларусі накіравалі ў МВФ хадайніцтва, у якім прапанавалі вылучыць новы крэдыт, каб рэфінансаваць наяўную запазычанасць. Пра гэта паведаміла ў канцы студзеня журналістам кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова.

belsat.eu

Стужка навінаў