Алесь Лянеўскі ў «Гарачым каментары»


Амаль 64 % выбарнікаў, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, аддалі свае галасы Уладзіміру Пуціну. Нелегітымнымі гэтыя прэзідэнцкія выбары называе расейская апазіцыя. Міжнародныя назіральнікі агульна даюць станоўчую ацэнку выбарам, але не канчатковую – парушэнняў было шмат, і яны патрабуюць расследавання.

На Пушкінскую плошчу ў Маскве цяпер санкцыянавана выйшлі не згодныя з вынікамі галасавання расейцы. Іх дзясяткі тысячаў, мэсыдж адзін: перадвыбарчая кампанія не была справядлівая, выбары сфальсіфікавалі, таму абвешчаны пераможцам кандыдат Пуцін – нелегітымны.

На мітыгу праціўнікаў улады прысутнічае наш карэспандэнт Алесь Лянеўскі. Ён зазначае, што акцыю арганізавалі не прадстаўнікі апазіцыі, а Ліга выбарцаў – пераважна журналісты, пісьменнікі, грамадзянскія дзеячы: «Хутчэй, гэта акцыя грамадзянскай супольнасці, а не палітыкаў». Побач адбываецца мітынг КПРФ. На Манежнай плошчы праходзяць дзве прапуцінскія акцыі. Акцыі агулам ахоўваюць 12 тыс. паліцыянтаў.

Пракуратура папярэдзіла Барыса Нямцова, які прапанаваў акружыць Крэмль жывым ланцугом і выказаў упэўненасць, што на такую акцыю дазвол не патрэбны. Пакуль усё праходзіць спакойна.

Алесь Лянеўскі паведамляе, што прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў перагледзець справы ў дачыненні амаль 30 чалавек, якія апазіцыя лічыць палітычнымі, у тым ліку ў дачыненні беларускага актывіста Ігара Беразюка. Апазіцыя, паводле Лянеўскага, і далей збіраецца арганізоўваць мітынгі, каб прымусіць улады выканаць свае патрабаванні. Паводле карэспандэнта «Белсату», Захад не будзе ціснуць на Расею, што б там ні адбывалася.

belsat.eu

Стужка навінаў