Вінаградаў: Мне паказалі краму, каля якой я «лаяўся матам»


Адміністратыўную справу паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве Паўла Вінаградава, лідара моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zмена», адправілі на дапрацоўванне. Такое рашэнне 5 сакавіка прыняў суд Маскоўскага раёну Менску, паведаміла жонка актывіста Святлана Вінаградава.

У зале суда Вінаградава вызвалілі.

Як паведамлялася раней, суд Маскоўскага раёну 22 лютага ўжо прыгаварыў моладзевага актывіста да 10 дзён адміністратыўнага арышту за акцыю «Игрушко митингуэ!». Яна прайшла ў сталіцы 10 лютага ў рамках кампаніі «Хопіць ныць!», якую праводзіць «Zмена». Перад уваходам у Менгарвыканкам актывісты моладзевага крыла «Гавары праўду!» размясцілі дзевяць плюшавых цацак з плакатамі. На плакатах утрымліваліся патрабаванні свабоды прэсы, вызвалення палітвязняў ды іншыя лозунгі.

2 сакавіка Вінаградава мусілі вызваліць з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму. «Калі мае дзесяць содняў практычна закончыліся і заставалася гадзіна-паўтары, – расказаў ён, – мне сказалі: «Вінаградаў, з рэчамі на выхад!» Гляджу, стаяць мае «сябры» з Маскоўскага РУУС. Пасадзілі ў машыну, завезлі ў гарадскі аддзел міліцыі № 2 Маскоўскага раёну. Адтуль паказалі пальцам краму, каля якой я «лаяўся матам» і склалі на мяне пратакол».

У крамы, дарэчы, сімвалічная назва – «Базар». «Так, за базар давялося адказаць, – усміхаецца Павел. – Праўда, мала: усяго два дні. Справу адправілі на дапрацоўванне, думаю, што яшчэ пасяджу за гэты пратакол. Хаця не факт».

Павел Вінаградаў быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 верасня актывіста вызвалілі на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні, хаця прашэння на імя Аляксандра Лукашэнкі ён не падаваў.

belsat.eu

Стужка навінаў