Апытанне: 5 тысячаў за наведванне паліклінікі?


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік унёс сёння такую прапанову на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя.

“Трэба штосьці рабіць з чэргамі ў паліклініках. У нас у сярэднім на аднаго жыхара прыпадае больш як 13 наведванняў паліклінік за год, а ў суседніх краінах зусім іншая статыстыка – 6 ці 6,5 наведвання на аднаго жыхара… Давайце ўвядзем плату памерам 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі. Нават калі памножыць 5 тысяч рублёў на сярэдні паказнік колькасці наведванняў, то за год выйдзе невялікая сума. Затое кагосьці нават такая сімвалічная плата, магчыма, прымусіць задумацца: а ці сапраўды трэба звяртацца ў паліклініку?” – цытуе чыноўніка “Звязда”.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, як яны ставяцца да такой ініцыятывы і ці здольныя сталыя наведнікі паліклінікі, пенсіянеры, дазволіць сабе аплаціць “невялікую суму”?

“Ды хай яны падавяцца… Давайце гэтак: мы, усе пенсіянеры, станем каля ўваходаў ва ўрадавыя будынкі і будзем браць з вас па 5 тысячаў – тады, можа, нам і хопіць”, – унесла контрпрапанову пенсіянерка.

“Несправядліва гэта. Усё жыццё адпрацавала… Вось, пайшла і аддала за лекі ўсю пенсію. І на што жыць? Добра, што дзеці трохі дапамагаюць”, – кажа чарговая рэспандэнтка.

“Ведаеце, мы, старыя, прызвычаіліся ўжо да таго, што нам усё дадаюць ды дадаюць… Вось сёння газетку купляў – на 300 рублёў даражэй. І так, у прынцыпе, штодня”, – кажа мужчына сталага веку.

“У мяне грошай няма – ледзьве на жыццё хапае. Я не жадаю, каб платна было! Я не ў стане плаціць. Буду паміраць – ужо ж 80 гадоў, што болей старому застаецца. Не пайду і ўсё”, – кажа пенсіянер.

“Гэта дзікасць у нашых умовах. Ну вы паглядзіце: хто сядзіць у гэтых паліклініках? Тыя, у каго грошай няма. Паміраць будзем – не будзем хадзіць”, – згаджаецца з ім жанчына.

“Я думаю, што гэта няправільна. Я пайшла толькі аналізы забраць, і за гэта пяць тысячаў?” – здзівілася маладая дзяўчына.

“Ну вось я зараз у паліклініку іду. Канешне, я гатовы заплаціць, каб было менш чэргаў. Лекары былі б больш ветлівыя”, – спадзяецца малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў