"Будзьма беларусамі!" прэзентавала свой турыстычны сімвал краіны


Ім стала стылізаваная выява цмока.

“Беларусы нагадваюць людзей, якія сядзяць на куфры з золатам і думаюць, дзе б знайсці грошай на хлеб. Нашая гісторыя і культура – гэта наш куфар з золатам, адкуль мы можам чэрпаць багатыя сімвалы і вобразы”, – патлумачыла каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі” Алена Макоўская.

Новы турыстычны сімвал Беларусі – частка камунікацыйнага праекту кампаніі, які скіраваны на фармаванне сучаснага культурнага коду і візуальнай прасторы краіны на аснове нацыянальнага падыходу.

Як расказала Макоўская, ідэя нарадзілася ў 2008 годзе, калі кампанія “Будзьма беларусамі” стварыла плакат, які сабраў розныя сімвалы Беларусі, названыя прадстаўнікамі розных слаёў насельніцтва: разрозненыя вобразы не мелі міжсобку нічога супольнага. Гэта пацвердзіла і праведзенае ў 2009 годзе сацыялагічнае апытанне, большасць рэспандэнтаў якога назвалі сімвалам краіны дзяржаўны сцяг і герб.

“Атрымліваецца, што нічога агульнанацыянальнага, што зрабіла б краіну прыцягальнай для турыстаў, у нас няма. Таму мы вырашылі прэзентаваць свой сімвал – цмока. Мы будзем прасоўваць яго ў якасці турыстычнага сімвалу Беларусі, бо ён – з нашых легендаў, міфаў, ён непарыўна звязаны з нашаю гісторыяй. Беларускія цмокі адрозніваюцца ад іншых: яны любяць чысціню і ходзяць у лазню кожны дзень, яны снобы, вельмі пераборлівыя, гэты вобраз – у трэндзе. У першую чаргу мы арыентуемся на бізнес”, – зазначыла Макоўская, дадаўшы, што на прэзентацыю запрошаныя маркетолагі ды прадстаўнікі турыстычных фірмаў для ацэнкі “рэвалюцыйнай прапановы”.

belsat.eu

Стужка навінаў