У беларускіх крамах 25 % плошчы займае алкаголь


Міністэрства аховы здароўя нарэшце заявіла, што гэта недапушчальна.

У 2012 г. адной з галоўных задачаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі стане зніжэнне прапановы алкагольных напояў на рынку краіны, заявіў 29 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны нарколаг міністэрства Сяргей Восіпчык.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась рэалізавалі 13,3 літра абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва, што на 9,8 % больш, чым у 2010 г. Са словаў Восіпчыка, рост рэалізацыі моцных алкагольных напояў складае ажно 18 %. “Паводле звестак Інстытуту сацыялогіі, на распаўсюд п’янства і алкагалізму пераважна ўплывае нізкі ўзровень жыцця насельніцтва, адсутнасць цікавых заняткаў у вольны час, няправільнае выхаванне ў сям’і, цяжар паўсядзённага жыцця, піцейныя традыцыі ды звычаі”, – сказаў галоўны нарколаг.

Ён зазначыў, што Інстытут сацыялогіі супольна з Міністэрствам аховы здароўя распрацавалі асноўныя задачы антыалкагольнай палітыкі на 2012 год. Сярод іх – стварэнне спрыяльных эканамічных, палітычных, сацыяльных, культурных, арганізацыйна-кіраўнічых і нарматыўна-прававых умоваў для зніжэння спажывання спіртовых напояў і развіццё эканамічнага ды сацыяльнага дабрабыту, якасці жыцця і духоўнай культуры насельніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў