Раман Якаўлеўскі ў «Гарачым каментары»


Тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Атмасфера напальваецца. Сёння расейскія медыі паведамілі, што ва Украіне ўдалося перадухіліць замах на Уладзіміра Пуціна, цяперашняга прэм’ера і галоўнага кандыдата на выбарах.

З паведамленняў расейскага «Першага каналу» вынікае, што ўдзельнікі злачыннай групы вывучалі маршруты руху картэжу Пуціна і рыхтавалі напад з выкарыстаннем мінаў ваеннага ўзору. Тэракт планаваўся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 4 сакавіка. Інфармацыю пра замах расейскім спецслужбам перадалі ўкраінскія калегі, якія затрымалі злачынцаў. 4 студзеня ў адной з кватэраў у Адэсе адбыўся выбух, прычынай якога, як высветлілі ўкраінскія спецслужбы, сталася здэтанаваная выбуховая прылада. Паводле інфармацыі некаторых расейскіх медыяў, рыхтаваннем да тэракту кіравалі прадстаўнікі Дакі Умарава – лідара чэчэнскіх сепаратыстаў.

Паводле палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, гісторыя з замахам на Уладзіміра Пуціна вельмі нагадвае выпадак з адным беларускім палітыкам у Лёзна. Тады, у 1994 г., нехта нібыта абстраляў машыну кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Што праўда, тады ні спраўцы, ні замоўцы забойства маладога палітыка не знайшлі.

«Гэты скептыцызм, які існуе, сведчыць пра вельмі нізкі давер да ўлады. Разам з гэтым, падобныя метады спрацоўваюць у постсавецкіх краінах: людзі вераць, пачынае панаваць страх і ўзмацняецца адзінства вакол галоўнага абаронцы», – кажа Раман Якаўлеўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў