«Малады фронт» мае намер адзначыць Дзень Волі ў цэнтры Менску


Гэта прынцыповая пазіцыя, падкрэсліў намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка: «Адзначаць галоўнае свята Беларусі на балоце мы не згодныя. І я ведаю, што вельмі шмат людзей падтрымліваюць такую пазіцыю. Летась праходзіла такое ж абмеркаванне, і мы выказалі сваю прынцыповую пазіцыю. Хутчэй за ўсё, таму сёлета мы не былі запрошаныя ў аргкамітэт святкавання Дня Волі. Але мы не застанемся ўбаку».

Як паведамлялася раней, сёлета арганізатары святкавання Дня Волі збіраюцца правесці ў Менску 25 сакавіка шэсце ад будынку прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук да парку Дружбы народаў (плошча Бангалор) і мітынг у парку. Адпаведную заяўку на правядзенне падалі ў Менгарвыканкам 23 лютага.

Аднак «Малады фронт» мае намер у хуткім часе падаць у гарвыканкам альтэрнатыўную заяўку. «Мы пакуль не вырашылі, у якой форме гэтая заяўка будзе пададзеная: паводле беларускага заканадаўства, дзе ўказваюцца адказныя за правядзенне шэсця, або паводле еўрапейскага – дзе павінна проста ўтрымлівацца паведамленне аб правядзенні мерапрыемства і просьба забяспечыць грамадскі парадак», – паведаміла яшчэ адна намесніца старшыні «Маладога фронту» Анастасія Палажанка.

belsat.eu

Стужка навінаў