У Беларусі створаны банк донараў камлёвых клетак


https://youtu.be/oCWE-SGGPpE
Цяпер самую складаную і дарагую аперацыю – трансплантацыю касцявога мозгу – беларускія дактары змогуць рабіць і замежнікам. Каштаваць яна будзе ўтрая танней, чымся ў ЗША.

Замежных пацыентаў прываблівае не толькі прафесіяналізм дактароў, але і кошт паслугі. Гэтак, аперацыя ў Беларусі каштуе каля 100 тыс. еўраў, у Расеі – 135 тыс. еўраў, у Нямеччыне – 200 тыс. еўраў, у ЗША – амаль 385 тыс. еўраў. Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру транспланталогіі ды клетачных біятэхналогіяў Анатоль Вус зазначае: «Мы не зарабляем грошы дзеля грошай, мы пазіцыянуем сябе як цывілізаванае грамадства з развітымі тэхналогіямі і высакакласнымі спецыялістамі. Мы паказваем свету, наколькі мы прасунуліся ў развіцці». Анатоль Вус кажа, што на Захадзе донары больш актыўныя, чымся ў Беларусі. «Для іх гэта норма – дапамагаць людзям. Сённяшнія тэхналогіі дазваляюць браць у донараў толькі кроў. Па сутнасці, гэта звычайная працэдура здачы крыві – ніякага агульнага наркозу, ніякіх абязбольваючых і ніякіх наступстваў пасля гэтага не бывае», – адзначае адмысловец.

У 2011 г. дарослым пацыентам правялі 100 перасадак касцявога мозгу, у 2010 г. – 122 аперацыі. За два гады знешніх донараў было толькі пяць, у астатніх выпадках донарскі матэрыял бралі ў сваякоў пацыентаў.

«Па ўсім свеце транспланталогія – вельмі дарагая вобласць медыцыны. Для развіцця гэтай галіны аховы здароўя ў Беларусі таксама патрабуюцца значныя капіталаўкладанні, – адзначаюць у прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя. – Калі казаць пра найбольш распаўсюджаныя аперацыі, то перасадка ныркі каштуе дзяржаве 6–13 тысяч долараў. Пасляаперацыйная тэрапія аднаго такога хворага за год каштуе яшчэ 5 тысяч долараў. На адну трансплантацыю печані дзяржава траціць 30–35 тысяч долараў, пасляаперацыйная рэабілітацыя – плюс 6 тысяч долараў. Трансплантацыя сэрца каштуе 30–50 тысяч долараў, пасляаперацыйная тэрапія – 15 тысяч долараў за год. Для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь такія аперацыі праводзяцца бясплатна».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары