Папко: Менск не мае мажлівасцяў «павярнуцца на Захад»


https://youtu.be/xuzTD6_wv8s
У доўгатэрміновай перспектыве Беларусі больш адпавядаюць супраца з Еўропай і трансфармацыя ў прававую краіну з рынкавай эканомікаю, аднак афіцыйны Менск цяпер не мае магчымасцяў такой супрацы і таму вымушаны спадзявацца толькі на Расею, мяркуе палітолаг Аляксандр Папко.

«Расея не ставіць перад сабою мэты зрабіць Беларусь прававою дзяржаваю з рынкавай эканомікаю, якая будзе функцыянаваць паводле заходняе мадэлі, – гаворыць эксперт. – Зразумела, што Расея хоча, каб Беларусь была больш адкрытая для расейскіх інвестыцыяў, расейскія ўлады хацелі больш уплываць на вонкавую і ўнутраную палітыку Беларусі».

Афіцыйны Менск мае больш шанцаў атрымаць новы крэдыт менавіта ад Расеі. Тым не менш, сродкі спрабуюць знайсці і ў Міжнародным валютным фондзе. Цяпер запазычанасць перад МВФ складае $ 3,8 млрд долараў, урад хоча атрымаць яшчэ $ 7 млрд. Старшыня праўлення Нацбанку Надзея Ермакова раней заяўляла журналістам, што з гэтых сродкаў Беларусь хоча рэфінансаваць ранейшую запазычанасць перад МВФ. Тым не менш, на грошы з Захаду не даводзіцца моцна разлічваць – Міжнародны валютны фонд выдае крэдыты з умовамі наконт рэфармавання эканомікі.

Цяпер у Беларусь прыбыла аглядная місія Фонду. Эксперты правядуць традыцыйны штогадовы агляд сітуацыі ў эканоміцы, які ажыццяўляецца ва ўсіх краінах – чальцах МВФ. Апрача таго, місія правядзе другі постпраграмны маніторынг. Такі маніторынг ладзіцца ў тых краінах, якія атрымлівалі буйныя крэдыты ад МВФ.

«У доўгатэрміновай перспектыве я не думаю, што «расейскі выбар» будзе найлепшы. Але ў кароткатэрміновай перспектыве, сёння і цяпер, я не бачу іншых шляхоў для беларускага ўраду, акрамя як звярнуцца да Расеі, не бачу мажлівасці павярнуцца на Захад, ажыццяўляць рэформы, рэкамендаваныя МВФ, і дастасоўваць прававую сістэму Беларусі да прававой сістэмы Еўразвязу», – дадаў Аляксандр Папко.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары