Псеўдагенерал застанецца на волі


Вынесены прысуд Мікалаю Конанаву – былому вайскоўцу, які называўся працаўніком Рады бяспекі ды вымагаў у чыноўнікаў грошы і будматэрыялы для свайго лецішча.

Да выхаду ў запас Конанаў быў намеснікам начальніка Камандна-інжынернага інстытуту. “У яго 30 гадоў афіцэрскага стажу, ён ведаў, як размаўляць з кіраўнікамі розных рангаў, – кажа оперупаўнаважаная ў асабліва важных справах Галоўнага кіраўніцтва барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмеццева. – Ён прыходзіў да дырэктараў прадпрыемстваў, чыноўнікаў і патрабаваў грошы, будаўнічыя матэрыялы і нават рабочых для рамонту на сваім лецішчы ў Дзяржынскім раёне”. Паводле прадстаўніцы МУС, да будаўнічых працаў Конанаў прыцягнуў больш за 10 арганізацыяў, пераважна, дзяржаўных. Прыкладная сума шкоды, якую ён прычыніў дзяржаўным установам і прыватным фірмам, склала каля 30 млн рублёў”.

Суд прызнаў ілжэгенерала вінаватым паводле ч. 2 арт. 209 “Махлярства” Крымінальнага кодэксу РБ і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем прысуду на такі ж тэрмін. Па сутнасці, злачынца застанецца на волі, хоць і пад кантролем міліцыянтаў.

Каментуе актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” і палкоўнік ў запасе Мікалай Петрушэнка: “Праблема не толькі ў злачынстве псеўдагенерала. Чыноўнікі ж былі гатовыя рабіць яму гэтыя паслугі. На якой падставе? Якія яны падпісвалі дакументы, калі вылучалі будматэрыялы, давалі грошы? Заўтра прыйдзе сапраўдны палкоўнік, і яны гэтаксама не змогуць яму адмовіць. Бо ўся сістэма гэтак пабудавана, што вышэйшы з рангу патрабуе звыш сваіх паўнамоцтваў. Няма грамадскага асуджэння карупцыі, няма канкрэтных звестак ад органаў – хто і колькі скраў, усё гэта замоўчваецца. А таму такія сітуацыі паўтараюцца. І апошнія адстаўкі ў МУС толькі пацвярджаюць гэта”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары