“Еўра-2012” не за гарамі: Украінская міліцыя вучыць ангельскую


https://youtu.be/pkA3kmotSoY
Праз тры месяцы краіна чакае вялікага наплыву замежнікаў у сувязі з фіналам чэмпіянату свету па футболе.

У Акадэміі міліцыі ў Кіеве з гэтай нагоды арганізавалі курсы ангельскае мовы. Займацца трэба 4,5 гадзіны раз на тыдзень. Курс складаецца з 72 гадзінаў.

Міліцыянт мае ведаць усе футбольныя тэрміны і падтрымаць простую размову пра каманды, гульцоў і лік. Заадно яны вучаць словы вядомай песні гурту “Queen” “Мы – чэмпіёны” (“We Are The Champions”).

Міліцыя мусіць быць у стане адказаць на пытанні замежных гасцей на вуліцах, у аэрапорце і на спартовых пляцоўках. Акрамя звязаных са спортам дыялогаў, заняткі адбываюцца ў тэмах “апісанне чалавека”, “сітуацыі ў аэрапорце”, “крадзеж”, “просьба паказаць дарогу” і “праца з мапай”.

Паводле кіраўніка кіеўскай Нацыянальнай акадэміі ўнутраных справаў Валянціна Каваленкі, 240 чалавек скончылі першы этап навучання. Праз тры месяцы іх чакаюць наступныя заняткі. За гэты час яны мусяць выканаць хатняе заданне.

Заняткі ангельскаю моваю для міліцыянтаў праводзяцца ў розных навучальных установах Міністэрства ўнутраных справаў, а таксама ў сярэдніх школах і ўніверсітэтах па ўсёй краіне. Паводле звестак МУС Украіны, 8 тыс. міліцыянтаў ужо маюць базавы ўзровень ведаў ангельскай мовы.

Фінал чэмпіянату будзе праходзіць з 8 чэрвеня да 1 ліпеня і ўпершыню – адразу ў дзвюх краінах: ва Украіне і суседняй Польшчы. Гэта самае буйное спартовае спаборніцтва ва Усходняй Еўропе пасля маскоўскай Алімпіяды ў 1980 годзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары