Апытанне: Ці можна адсудзіць у дзяржавы страты ад дэвальвацыі?


https://youtu.be/Da0tLCR6fHs
Карэспандэнты “Белсату” запыталіся жыхароў сталіцы, ці страцілі тыя свае ашчаджэнні ў выніку дэвальвацыі ды ці бачаць магчымасць скампенсаваць страты праз суд.

Прэцэдэнт ужо створаны. Пенсіянерка Ніна Мірашнічэнка, якая з савецкіх часоў двойчы страціла адкладзеныя грошы, патрабуе спагнаць з “Беларусбанку” Br 55 млн. Два гады таму яна адкрыла рахунак, на які паклала Br 48,97 млн. Грошы атрымала ад продажу гаража і садовага надзелу ў Раўбічах, якія засталіся пасля смерці ейнага мужа. Раней сям’я планавала пабудаваць на зямлі дом, на які доўга збірала грошы, аднак 10 тыс. савецкіх рублёў “згарэлі” на пачатку 1990-х.

У траўні 2011-га Мірашнічэнка звярнулася ў “Беларусбанк”, каб канвертаваць беларускія рублі ў расейскія, зняць іх з рахунку ды набыць жытло ў Маскве, куды збіралася пераехаць з хвораю дачкою. Банк не палічыў угоду сацыяльна важнаю ды цягнуў з канвертацыяй ажно да чэрвеня. У выніку пенсіянерка страціла каля $ 7 тыс.

Усе рэспандэнты адказалі, што адсудзіць страчаныя грошы ў банкаў шанцаў няма аніякіх. “Я жыву ў гэтай дзяржаве, працую на дзяржаўным прадпрыемстве і ведаю, як усё гэта робіцца”, – сказала першая апытаная. Наступная рэспандэнтка таксама страціла на ўкладах. Шукаць праўды ў Беларусі, паводле яе, сэнсу няма, таму сям’я зняла грошы і перавяла іх у банк у іншай краіне.

Спадар са спадарыняю паведамілі карэспандэнтам, што страцілі большую частку ашчаджэнняў, але звяртацца з прэтэнзіямі няма да кога, бо яны захоўвалі іх удома. На пытанне, ці ёсць магчымасць спагнаць грошы з банку, рассмяяліся.

“Шанцаў, як заўсёды, ніякіх, – ацаніў сітуацыю з пенсіянеркаю наступны апытаны. – Уклады ніколі не кампенсавалі, пачынаючы з савецкіх часоў”. Шанцы на кампенсацыю нулявыя, кажа наступны спадар: “У нас урад такі, што ён не датрымліваецца сваіх абавязкаў перад грамадзянамі”.

Толькі адзін мянчук пакрытыкаваў пенсіянерку за тое, што яна не сачыла за эканамічнаю сітуацыяй: “Ты паклаў грошы, ляжыш і думаеш, што ўсё добра? Трэба ў камп’ютары [маецца на ўвазе: у інтэрнэце] шукаць, дзе што расце, а дзе падае. А калі якая вайна – у Сірыі ці яшчэ дзе? Абавязкова нафта падскочыць або золата. Паклаў – і турбуйся!”.

Спадарыні ж выказалі салідарнасць з Нінай Мірашнічэнкай: “Хацелася б, вядома, каб яна выйграла”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары