Працоўныя «Атланту» звярнуліся ў Свабодны прафсаюз


Яны не задаволеныя нізкім заробкам.

Паводле старшыні Берасцейскай абласной рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ) Валянціна Лазарэнкава, на шматлікіх прадпрыемствах у лютым людзям заплацілі менш, чымся ў студзені. У выніку, на Берасцейскім машынабудаўнічым заводзе і супольным прадпрыемстве «БелКельме» ў Белаазёрску адчуваецца напружанасць у дачыненнях працаўнікоў з адміністрацыяй, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”. А працаўнікі Баранавіцкага станкабудаўнічага заводу «Атлант», не задаволеныя нізкім заробкам (Br 1,2–1,3 млн руб.), ужо звярнуліся ў СПБ па дапамогу, бо не бачаць сэнсу размаўляць з кіраўніцтвам прадпрыемства.

Валянцін Лазарэнкаў заўважае, што, паводле афіцыйных звестак, жыхары Берасцейскай вобласці зарабляюць менш за ўсіх у Беларусі, а кошты на некаторыя тавары і паслугі вышэйшыя, чым у сярэднім па краіне. Прафсаюзны актывіст мяркуе, што варта чакаць росту хваляванняў, пакуль заробак не будзе забяспечваць годнага ўзроўню жыцця. «У той жа час выступаць адкрыта людзі асцерагаюцца, бо баяцца рэпрэсіяў з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў», – дадае Лазарэнкаў.

У Бабруйску ж сітуацыя адваротная: людзі пад ціскам сыходзяць. Старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Белшына» Міхаіл Усціновіч распавёў, што некалькі чалавек напісалі заявы аб уступленні ў арганізацыю, што не спадабалася ідэолагам. «І таму нашу моладзь цынічна і нахабна пачало «адбіваць» кіраўніцтва «Белшыны». Напрыклад, калі іхныя бацькі тут працуюць, іх знаходзяць і пачынаюць казаць, што сын іх ганьбіць, нагадваюць, колькі ім засталося да пенсіі, пагражаюць звальненнем. Або, напрыклад, у аднаго хлопца тут жонка практыку праходзіць, і яму пагражаюць, што не працягнуць з ёй супрацу. Іншаму казалі, што ягоную жонку з дэкрэту назад не возьмуць. І такі шантаж – з кожным. Натуральна, што пасля гэтага ім застаецца толькі адно – сыходзіць з БНП», – распавёў Усціновіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары