На новай станцыі метро відэакамераў удвая менш, чым трэба


https://youtu.be/QWxZDmZcxXs
Станцыю на першай лініі “Пятроўшчына” спачатку пабудавалі, а потым даведаліся, як гэта трэба было зрабіць з улікам новых захадаў бяспекі. Унесці змены ўжо немагчыма.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 14 лютага паведаміў намеснік начальніка метрапалітэну, галоўны рэвізор у пытаннях бяспекі руху цягнікоў менскага метрапалітэну Алег Круглоў. Ён сказаў, што летась у жніўні прадстаўнікі менскага метро і ГУУСу Менгарвыканкаму знаёміліся з арганізацыяй бяспекі ў метро Санкт-Пецярбургу.

Пасля гэтага сталічныя праваахоўнікі выдалі свае патрабаванні што да сістэмаў відэаназірання станцыі першай лініі “Пятроўшчына”. Аказалася, што да ўжо запланаваных тут 50 камераў неабходна дадаць яшчэ больш за 60, каб забяспечыць кантроль над некаторымі зонамі, распазнанне чалавека. Тэхнічна зрабіць гэта ўжо нерэальна. Магчыма, прапановы ГУУСу будуць увасобленыя на наступнай станцыі “Малінаўка”.

Алег Круглоў паведаміў, што да 1 ліпеня 2012 г. плануецца завершыць мадэрнізацыю сістэмаў відэаназірання з архіваваннем звестак і запісам падзеяў на васьмі станцыях першай лініі метро. Такія сістэмы дзеяць толькі на станцыях “Кастрычніцкая”, “Уручча” і “Барысаўскі тракт”, а таксама на ўсіх станцыях другой лініі.

Пры гэтым, як адзначыў прадстаўнік метрапалітэну, станцыі не абсталююць інтэлектуальнымі сістэмамі відэаназірання, якія рэагуюць на прадметы, што доўгі час не рухаюцца. На гэтым настойвала МУС Беларусі пасля тэракту на “Кастрычніцкай” 11 красавіка 2011 г. Тады сцвярджалася, што падобныя сістэмы дзейнічаюць у метро ў КНР. Аднак, як заявіў Алег Круглоў, серыйна такія сістэмы не вырабляюцца, а калі і эксплуатуюцца, то ў тэставым рэжыме.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары