Летась – затрымалі статуэткі, сёлета – Івана Шылу


Ля офісу Беларускага ПЭН-Цэнтру затрымалі аднаго з арганізатараў уручэння прэміі “Люблю Беларусь” Івана Шылу.

Маладафронтаўца, калі ён выйшаў з пад’езду, зацягнулі ў аўта са спецназам. Дзе цяпер Іван Шыла, не вядома – ягоны мабільны не адказвае. “Хутчэй за ўсё, давядзецца праводзіць імпрэзу без Івана. Яго наўрад ці адпусцяць, бо ён яшчэ “вінен” міліцыянтам 22 дні адміністратыўнага арышту за летнія акцыі пратэсту”, – распавяла “Белсату” намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка.

Са словаў дзяўчыны, ля ПЭН-Цэнтру застаецца дзяжурыць міліцэйскі аўтобус.

Прэмію “Люблю Беларусь” заснаваў “Малады фронт” тры гады таму на замену вулічным акцыям, што ладзіліся на Дзень святога Валянціна і, як правіла, заканчваліся масавымі затрыманнямі. Аднак і ўручэнне прэміі не застаецца па-за ўвагаю спецслужбаў. Гэтак, летась міліцыя ўварвалася ў кватэру скульптара, што на замову “МФ” рабіў узнагароды-статуэткі, і канфіскавала іх. “Цяпер нас вось пакінулі без Івана Шылы. Але мы працягваем рыхтавацца да імпрэзы, і яна адбудзецца ў любым выпадку”, – зазначае Наста Палажанка.

Сёлета прэмію “Люблю Беларусь” уручаць у 8 намінацыях.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары