КДБ адрапартаваў: штомесяц лавілі па два шпіёны


Камітэт дзяржбяспекі Беларусі летась выявіў і спыніў дзейнасць 23-х працаўнікоў і агентаў замежных спецслужбаў, камітэтнікі выкрылі 33 вербавальныя падыходы да беларускіх грамадзянаў з боку замежных выведак, паведамілі агенцтву “Інтэрфакс-Захад” у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ (ЦІГС КДБ).

“Гэта дазволіла папярэдзіць і не дапусціць здзяйснення беларускімі грамадзянамі цяжкіх злачынстваў і абараніць жыццёва важныя інтарэсы дзяржавы ад замахаў замежных спецслужбаў”, – сказалі ў ЦІГС.

У КДБ Беларусі адзначылі, што “менавіта на папярэджанне і прафілактыку, недапушчэнне ўцягвання нашых суграмадзян ў шпіёнскую дзейнасць накіраваная ўвага контрвыведкі камітэту”. Аднак, працягнулі там, “здзейсненыя злачынствы не могуць застацца беспакараныя”. У гэтай сувязі ў ЦІГС паінфармавалі, што летась за здраду дзяржаве, якая выявiлася ў форме шпіянажу, Вярхоўны суд вынес вырак – сем гадоў пазбаўлення волі – грамадзяніну Беларусі, які “прадаваў інфармацыю пра абаронны патэнцыял дзяржавы і быў завербаваным адной з спецслужбаў краінаў NATO” .

У ЦІГС таксама паведамілі, што летась выяўлены “шэраг спробаў пранікнення да дзяржаўных сакрэтаў спецыяльных службаў, іншых арганізацыяў і асобных прадстаўнікоў замежных дзяржаваў”. У прыватнасці, удакладнілі ў КДБ, “у сферы дзяржаўных сакрэтаў” да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 17 службовых асобаў, дзве – да крымінальнай, у тым ліку за незаконны продаж спецыяльных тэхнічных сродкаў аператыўна-вышуковай дзейнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў