Леанід Заіка ў «Гарачым каментары»


Лічбы агучаныя, задачы пастаўленыя. Лукашэнка выразна заявіў, што даходы насельніцтва вернуцца на дакрызісны ўзровень. Аптымізму дадае і Нацбанк, які абвесціў пра паніжэнне стаўкі рэфінансавання. Частковая стабілізацыя, відаць, выклікае ва ўладаў эйфарыю, аднак ці надоўга?

Лукашэнка зноў абяцае міфічныя 500 долараў заробку. Ды нават прапаноўвае зменшыць розніцу ў выплатах на буйных прадпрыемствах краіны. Нацбанк Беларусі зніжае стаўку рэфінансавання, а ўрад плануе не разганяць сёлета інфляцыю больш як да 15 %. Між іншага, прырост аб’ёму ВУП мусіць аказацца не меншы за 5,5 %. Дасягаць пастаўленых задачаў кіраўнік краіны даручае праз дырэктыўнае планаванне.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, урад мог бы распачаць паступова выпраўляць сітуацыю з таго, што ёсць.

“Аднак яны зноў пачалі дудзець у медныя трубы, абяцаць павелічэнне ўсіх паказчыкаў, што зноўку можа прывесці да чарговага дысбалансу. Мне падаецца, што ўрад дзее ў кантэксце таго, што абяцаў Лукашэнка: “Да траўня не выправіце сітуацыі – адпраўлю ў адстаўку”. Таму яны цяпер пачынаюць маляваць вясёлкавыя перспектывы. Але гэта пакуль толькі фразы. Пачынаецца такі наменклатурны пад’ём эканомікі, які, мы памятаем, летась да нічога добрага не прывёў”, – нагадаў Леанід Заіка.

Адмысловец раіць ураду паставіць нашмат сціплейшыя мэты: нулявы рост ВУП, што дазволіла б вырашыць усе праблемы, якія паўстаюць.

“Аляксандр Рыгоравіч проста ляснуўся з усёю эканамічнаю палітыкаю – поўны правал. І калі людзі маўчаць – то яны проста не могуць усвядоміць, што адбылося. На кожнага беларуса цяпер 2500 долараў доўгу. Можам зайсці ў любую сям’ю з чатырох чалавек і сказаць: “Вы на 10 000 долараў набралі пазыкаў. Пакажыце, што ў вас на 10 000 долараў ёсць у кватэры”. Гэта будзе нямая сцэна”, – кажа спадар Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў