Пуцін пашкадаваў, што ягоны міністр не піў ваду дыназаўраў


Прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін атрымаў з рук кіраўніка Міністэрства прыродных рэсурсаў Юрыя Трутнева колбу, напоўненую вадою з таямнічага возера Усход. Вадаём сотні тысячаў або нават мільёны гадоў быў ізаляваны ад свету пад ледзяным шчытом Антарктыды. Некалькі дзён таму да яго прабіліся расейскія навукоўцы.

Атрымаўшы ёмістасць, Пуцін запытаў у міністра, ці піў ён гэтую ваду. Той запэўніў, што не, і прэм’ер пажартаваў: “А было б цікава: дыназаўры пілі ды Трутнеў”.

Міністр у сваю чаргу распавёў прэм’еру, у якіх цяжкіх умовах расейскім навукоўцам даводзіцца працаваць у Антарктыдзе: тэмпература ўзімку апускаецца да мінус 80 градусаў. Пры гэтым ён паабяцаў, што праца працягнецца.

Гэта быў не адзіны кур’ёз. У адпаведнасці са звесткамі на шыльдачцы, прымацаванай да колбы, ваду дасталі 5 снежня 2011 г. з глыбіні 3769,3 м. Раней паведамлялася, што навукоўцы трапілі ў падлёднае возера толькі 5 лютага, прычым на той час узяць пробы для даследаванняў яны не змаглі.

Высветлілася, што Пуціну перадалі не “актуальныя” ўзоры з возера, а растопленую пробу лёду. Як патлумачылі навукоўцы інфармацыйнага агенцтва “Новости”, апошнія сотні метраў ледавіка, праз якія ішла свідравіна, – гэта замерзлая азёрная вада. Да сапраўднай жа збіраюцца дабрацца падчас наступнай экспедыцыі.

Зрэшты, гэта не першы казус са старажытнасцямі з удзелам Пуціна. Летась у жніўні, наведваючы лагер археолагаў на беразе Таманскага заліву, ён апусціўся з аквалангам на двухметровую глыбіню і выйшаў на бераг, трымаючы ў руках дзве старадаўнія амфары, якія раней знайшлі археолагі.

belsat.eu

Стужка навінаў