Апытанне: “Што ж гэта за прадукт такі – малако “Пітное”?”


https://youtu.be/D6FkqVzxfRk
Малака не больш за тры літры ў адны рукі, смятаны і тварагу – не больш за кілаграм. Негалосныя абмежаванні на продаж малочнай прадукцыі з’явіліся ў некаторых крамах Магілёўскай і Віцебскай вобласцей. Дэфіцытнасць гэтых тавараў прызналі нават у Міністэрстве гандлю.

“Дзесяць-пятнаццаць пакункаў прынясуць – а чарга ж, ведаеце, якая. На пяць-сем чалавек – і ўсё. Дражняцца, з народу здзекуюцца”, – скардзіцца пенсіянерка. Мужчыны сталага веку, у сваю чаргу, абураюцца якасцю прадукцыі: “На рынку такое ўжо малако, як вада, аднаадсоткавае, прадаюць. Увогуле ўжо дайшлі. Вады набраў – і зафарбаваў”.

Некаторыя крамы, дбаючы пра сваіх пакупнікоў, спрабуюць абмежаваць продаж сацыяльна значных тавараў. Але калі іх ад пачатку не было дастаткова, то і абмежаванні дапамагаюць слаба, і сацыяльна арыентаванай эканоміцы даводзіцца жыць паводле законаў рынку. “Людзі стараюцца выбіраць танную прадукцыю. І на сённяшні дзень у нашай краме найбольшая таварнасць – таннай малочнай прадукцыі. Тое, што даражэйшае, натуральна, прадаецца не вельмі добра”, – тлумачыць загадчыца аддзелу Алена Парэцкая.

Пастановаю Міністэрства эканомікі гандлёвыя надбаўкі зніжаныя агулам больш як на 30 групаў харчовых і нехарчовых тавараў. Менавіта гэтая коштавая палёгка і спрычынілася да дэфіцыту, што прызнаюць ужо і ва ўрадзе. “Вытворцы сталі абмяжоўваць выраб і продаж гэтых прадуктаў, спасылаючыся на страты. Таму заяўкі гандлю на танную прадукцыю выконваюцца абмежавана, яна прадаецца за некалькі гадзінаў”, – распавёў першы намеснік міністра гандлю Аляксандр Забела.

Зразумець вытворцаў можна, бо калі кошт у краме за літр “сацыяльна значнага” малака меншы за яго сабекошт, то і да банкруцтва недалёка. Гэтак званае ж “дарагое” беларускае малако застаецца ўсё ж таннейшым за малако ў суседзяў, таму не апошнюю ролю ва ўтварэнні дэфіцыту адыгрывае пераарыентацыя вытворцаў на экспарт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары