Калгасы ў Глыбокім выкарыстаюць лёд замест лядоўняў


З яго дапамогаю ўлетку будуць захоўваць малако.

Улетку кароваў дояць з дапамогаю перасоўных прыладаў, і гэта займае каля дзвюх з паловаю гадзінаў. За гэты час у спякоту малако падкісае, губляюцца яго смакавыя якасці, і гаспадаркі нясуць страты. Далёка не ўсе сельгаспрадпрыемствы могуць дазволіць сабе набыць мабільныя лядоўні, таму глыбоцкія жывёлаводы вырашылі выкарыстаць дзеля астуджэння лёд. Летась яны ўпершыню паспрабавалі гэтую методыку. У кіраўніцтве сельскай гаспадаркі ды харчавання Глыбоцкага раёну паведамілі, што ўлетку 2010 г. гаспадаркам раёну вярнулі 40 т малака, бо яно пракісла, а кожны дзясяты кілаграм ацэньваўся як другога гатунку.

“З прымяненнем “дзедаўскага спосабу”, калі для астуджэння малака выкарыстоўвалі лёд, гэтыя паказчыкі зменшыліся ў пяць разоў. Апроч таго, гэтая методыка дазваляе эканоміць каля 40 000 кВт электраэнергіі штомесяц”, – кажа намесніца начальніка ў галіне жывёлагадоўлі Людміла Данілевіч. Мясцовыя ўлады палічылі вынікі станоўчымі, а таму цяпер у эксперыменце ўдзельнічаюць 98 % гаспадарак Глыбоцкага раёну. Ім трэба нарыхтаваць больш за 100 т лёду.

Тэхналогію яны ўзялі ў Гомельскай вобласці – там ужо некалькі гадоў запар выкарыстоўваюць стары спосаб ахалоджвання малака. Узімку ледзяныя глыбы выразаюць з вадаёмаў, апроч таго – напаўняюць вадою поліэтыленавыя мяхі, завязваюць і пакідаюць на марозе, і праз некалькі гадзінаў ахаладжальнік для малака гатовы. Захоўваюць запасы да лета – у канцы лютага іх кладуць у бурты, пад пласты пілавіння, саломы і поліэтылену.

belsat.eu

Стужка навінаў