Яўген Ліпковіч патрабуе вызваліць Алеся Бяляцкага


Вядомы блогер запісаў відэазварот, у якім нагадвае пра абяцанне Аляксандра Лукашэнкі вызваліць праваабаронцу ў выпадку выплаты сумы, якую той нібыта схаваў ад падаткоўцаў.

Неабыякавыя людзі сабралі ўсю гэтую суму – 757 526 717 руб. На столькі суд ацаніў “страты, нанесеныя злачынствам”, і дзяржаўнае мыта, якія мусіў выплаціць абвінавачаны. Аднак 24 студзеня Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйнай скаргі Бяляцкага і пакінуў прысуд дзейным.

“Я даваў грошы на тое, каб выкупілі Бяляцкага, бо найвышэйшая дзяржаўная асоба краіны паабяцала, што калі страты вернуць, яго адпусцяць. Я чакаю”, – кажа Ліпковіч у сваім відэазвароце.

Блогер заклікае далучацца і выкладаць падобныя відэа на YouTube.

“Вось цяпер мы і спраўдзім, ці можна яму верыць. Тут было наўпроставае абяцанне. Мне важна, каб невінаватыя былі на свабодзе, каб справядлівасць перамагла. Нават у такой форме – якая розніца, у якой. Важна, каб чалавек не сядзеў у турме, тым больш такі важны, як Алесь Бяляцкі”, – кажа Яўген Ліпковіч.

Тым часам жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук сёння, 27 студзеня, сустрэлася з мужам у ізалятары.

Паводле ейных словаў, Алесь на здароўе не скардзіцца і захоўвае добры настрой. Праваабаронца не мае спадзеву на хуткае вызваленне.

24 лістапада суд Першамайскага раёну Менску прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў