Хабары ў міністэрстве бралі асобы, абавязаныя іх перадухіляць


Генеральная пракуратура адзначае высокія паказнікі карупцыі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Паводле закону, хабарніцтва мусіць перадухіляць кіраўнік арганізацыі або прадпрыемства.

Як паведамілі ў прэсавай службе Генеральнай пракуратуры, дырэктар ААТ «Шклоўскі камбікормавы завод» разам з галоўным інжынерам цягам 2009 г. сістэматычна завышаў у справаздачах паказнікі аб’ёмаў вырабленай і рэалізаванай прадукцыі. У выніку матэрыяльная шкода склала 26,6 млн руб.

«Сістэматычна і беспакарана злачынствы здзяйснялі адныя і тыя самыя асобы, – заявілі ў Генпракуратуры. – У 2010–2011 гадах за атрыманне хабараў у буйным і асабліва буйным памеры затрымалі намесніка генеральнага дырэктара ў сферы будаўніцтва ААТ «Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка», дырэктара УА «Наваградскі дзяржаўны аграрны каледж», дырэктар ААТ «Васілішкі» (Шчучынскі раён) і некаторых іншых службовых асобаў. Зафіксаваныя шматлікія спробы даць хабары ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Студэнты такім чынам «дзякавалі» сваім выкладчыкам за паспяховую здачу іспытаў».

Распаўсюджанаю застаецца незаконная прыватызацыя. «Быў выпадак, калі чыноўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прыватызаваў маёмасць такім чынам, што ўсе выдаткі на яе набыццё панесла дзяржаўная арганізацыя, якая ўваходзіць у сістэму міністэрства. Цяпер паводле гэтага факту праводзіцца правяранне», – паведамляе начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў.

Нядаўна мела месца гучная справа са старшынём СПК Дзятлаўскага раёну. У 30-гадовага кіраўніка скралі амаль 65 тыс. долараў. Пра гэты выпадак у Генпракуратуры чулі, аднак разбіранне – адкуль у старшыні СПК гэтыя грошы – пакуль не вядзецца.

Агулам жа ў 2011 г. у сферы сельскай гаспадаркі Генеральная пракуратура зарэгістравала 166 карупцыйных злачынстваў, у тым ліку 100 фактаў крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, 80 выпадкаў злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі і 52 выпадкі хабараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары