Агляд падзеяў замежжа


РАСЕЯ ПАСЛЯ І ПЕРАД ВЫБАРАМ

Самыя чыстыя выбары ў нашай гісторыі! Гэтак выбары ў Дзяржаўную думу ахарактарызаваў Дзмітрый Мядзведзеў падчас сустрэчы са студэнтамі журфаку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту. А вось апазіцыі данесці да масаў свой погляд на мінулыя парламенцкія і будучыя прэзідэнцкія выбары будзе цяжэй.

У абарону легітымнасці планаваных прэзідэнцкіх выбараў выступіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Заявы аб нелегітымнасці выклікала адмова ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзідэнцтва лідара партыі “Яблоко” Грыгорыя Яўлінскага. Да зарэгістраваных раней Уладзіміра Пуціна, Генадзя Зюганава, Сяргея Міронава і Уладзіміра Жырыноўскага сёння далучыўся Міхаіл Прохараў. Канчатковы спіс кандыдатаў маюць абвесціць 29 студзеня. Але апазіцыя ў сваім змаганні супраць фальсіфікацыяў адступаць не збіраецца. Чарговая дэманстрацыя “За сумленныя выбары” запланаваная на 4 лютага. Праўда, шэсце можа аказацца па-за законам. Улады Масквы не пагадзіліся на прапанаваны арганізатарамі маршрут праз цэнтр гораду.

АРЫШТЫ АПАЗІЦЫІ Ў КАЗАХСТАНЕ

Справа аб закалотах у Жангаўэзене (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен) усё ж стала прэтэкстам для расправы з апанентамі прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. У межах расследавання сілавікі арыштавалі галоўнага рэдактара газеты “Взгляд” Ігара Віняўскага, лідара партыі “Алга!” Уладзіміра Казлова і актывіста апазіцыі Сэрыка Сапаргалі, правялі таксама шэраг вобшукаў.

ОЎБАМА БУДУЕ САЦЫЯЛІЗМ?

Прынцып эканамічнай роўнасці стаўся адным з асноўных тэзісаў штогадовага звароту прэзідэнта Барака Оўбамы да кангрэсу. А адною з асноўных ініцыятываў – павышэнне стаўкі падаткаў для амерыканскіх мільянераў.

БАРАК ОЎБАМА, ПРЭЗІДЭНТ ЗША:
“Цяпер з-за пралазаў у Падатковым кодэксе чвэрць мільянераў плоціць ніжэйшыя падаткі за мільёны гаспадарак сярэдняга класу”.

Барак Оўбама таксама запрапанаваў павялічыць падаткі для амерыканскіх кампаніяў, якія наймаюць працаўнікоў за мяжою.

ДАВОС-2012 У ПОШУКАХ ВЫЙСЦЯ

У нефармальную сусветную сталіцу сёння па традыцыі ператварыўся швейцарскі Давос. Тут адкрыўся сорак другі Сусветны эканамічны форум. Сярод больш як 2,5 тысячаў удзельнікаў – 40 кіраўнікоў краінаў і ўрадаў, каля сотні 100 міністраў. Форум адбываецца на тле новых несуцяшальных прагнозаў. Гэтак, у Міжнародным рэйтынгавым агенцтве “Standard & Poor’s” перакананыя, што Грэцыя абвесціць дэфолт цягам шасці месяцаў. А ў Міжнародным валютным фондзе не выключаюць нават паўтору “вялікай дэпрэсіі”, якая можа агарнуць усё сусветную гаспадарку. Як заўжды, Давос прыцягнуў і пратэстоўцаў. Да актывістаў антыкапіталістычнага руху сёлета з патрабаваннем удзелу ў дыскусіі далучыліся прадстаўнікі руху “Акупуй Ўол-стрыт”.

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў