Французская пракуратура адмовілася арыштаваць Куляшова


Пракуратура Францыі адмовілася пераследаваць міністра ўнутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова, які наведваў 17–20 студзеня Францыю з візітам паводле лініі Інтэрполу. Пра гэта паведаміла памочніца французскага адваката Вільяна Бурдона, што дамагаўся арышту міністра.

“Пракуратура заявіла, што паміж Францыяй ды Інтэрполам існуе пагадненне, паводле якога прадстаўнікі іншых дзяржаваў, што бяруць удзел у французскіх сустрэчах Інтэрполу, маюць імунітэт”, – сказала памочніца адваката.

“Мы, вядома, з гэтым не згодныя, – падкрэсліла яна. – Канвенцыя супраць катаванняў мусіць пераважваць гэтыя дамоўленасці”.

Французская віза кіраўніку Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі выдадзеная на просьбу Інтэрполу. “Францыя выканала абавязкі дзяржавы, якая прымае на сваёй тэрыторыі міжнародныя арганізацыі”, – растлумачылі 17 студзеня ў амбасадзе Францыі.

Пры гэтым у дыпламатычным прадстаўніцтве адзначылі, што гэта не шэнгенская віза, а “віза тэрытарыяльна абмежаванага дзеяння”, якая дае права наведаць толькі Францыю. Яе выдалі на час афіцыйнай паездкі.

Акрамя таго, паведамілі ў амбасадзе, гэта не двухбаковы візіт: падчас паездкі не прадугледжвалася ніякіх кантактаў беларускага міністра з прадстаўнікамі Францыі.

belsat.eu

Стужка навінаў