За нелегальныя перавозкі прапаноўваюць канфіскоўваць аўты


Такія жорсткія захады ініцыююць гарадзенскія ўлады.

Колькасць парушэнняў, звязаных з “шэрымі” перавозкамі, штогоду павялічваецца. Летась Гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласці разгледзеў 82 падобныя справы. Агульная сума штрафаў склала каля 30 млн руб., а сканфіскаваны даход перавозчыкаў – 4 млн руб.

Аднак правапарушальнікаў гэта не спыняе. На аўтавакзале ўвесь час стаяць кіроўцы, якія прапаноўваць міжгароднія рэйсы. Найбольш папулярныя кірункі – Шчучын, Ліда, Менск. Прычым кошт паездкі ў гэтых перавозчыкаў такі самы, як і ў легальных, а часам нават вышэйшы. Калі пасажыру патрэбны квіток, каб паказаць яго на працы, кіроўцы нелегальных маршрутак просяць дакументы ў калегаў з легальных рэйсаў.

Нягледзячы на тое, што мінімальныя штрафы да такіх правапарушальнікаў ужываюць зрэдку, працаўнікі падатковай інспекцыі адзначаюць, што трэба ўзмацняць захады супраць іх. Каментуе начальнік інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Гарадзенскай вобласці Дзмітрый Мазалевіч: “Мы прапаноўваем павялічыць штрафы (цяпер штрафы складаюць ад 10 да 50 базавых велічыняў), увесці ліцэнзійныя карткі, пазбаўляць права кіраваць аўтамабілем да трох месяцаў, а ў самых злосных парушальнікаў канфіскоўваць аўты”.

ДАІ звяртае ўвагу на тое, што пасажыры нелегальных маршрутак зусім не абароненыя, калі здарыцца ДТЗ. “Нелегальныя перавозчыкі на першае месца ставяць не бяспеку пасажыраў і выкананне правілаў дарожнага руху, а атрыманне імгненнага прыбытку. Пасажыры карыстаюцца з іхных паслугаў, бо яны едуць наўпрост – хутка і без прыпынкаў. Але ў выпадку чаго спадзявацца на кампенсацыю, страхоўку не выпадае”, – зазначае намеснік начальніка УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Уладзімір Піўльскі.

belsat.eu

Стужка навінаў