Беларусь адмяняе візы


Пакуль – толькі на месяц, на час правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў адмысловы ўказ. У Беларускай федэрацыі хакею пацвердзілі, што афіцыйныя ўдзельнікі чэмпіянату і замежныя турысты змогуць прыехаць у Беларусь без візы з 25 красавіка да 31 траўня 2014 г. Першыя мусяць паказаць акрэдытацыю, другія – арыгінальны або электронны квіток на матчы чэмпіянату.

Арганізатары спадзяюцца прыцягнуць як мага больш турыстаў на час спартовай падзеі. На чэмпіянаце чакаюць 50 000 гасцей. Агулам Беларусь разлічвае зарабіць на чэмпіянаце свету € 53,3 млн. Ад продажу квіткоў плануюць атрымаць каля € 10,5 млн, яшчэ € 42 млн – ад турыстаў.

Міністэрства спорту і турызму выказвае надзею, што бязвізавы рэжым на месяц стане крокам да наступнай лібералізацыі. Старшыня Дэпартаменту турызму Вадзім Кармазін выдатна разумее, што візавы рэжым робіць Беларусь менш прывабнаю для турыстаў у параўнанні з суседнімі краінамі Балтыі ды Польшчаю. Таму Міністэрства спорту прапаноўвае дзеля эксперыменту скасаваць сёлета візавы рэжым з адною з суседніх краінаў Еўразвязу (папярэдне прапаноўваецца з Польшчаю), а ў 2013 г. – пашырыць спіс іншымі краінамі ЕЗ.

Візавае пытанне застацца ў кампетэнцыі адразу некалькіх ведамстваў. Адназначна за скасаванне візаў выступаюць Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму. Гэтаму актыўна пярэчаць сілавікі – Камітэт дзяржбяспекі ды Дзяржаўны памежны камітэт. Сваю пазіцыю яны тлумачаць небяспекаю, якая ўзнікне на дзяржаўнай мяжы. Варта адзначыць, што яны не выступалі супраць адмены кантролю на беларуска-расейскай мяжы.

Візавую лібералізацыю не падтрымліваюць таксама Міністэрства замежных справаў і Міністэрства фінансаў, якія падкрэсліваюць эканамічную выгаду ад візаў. У сярэднім за гэтую паслугу з рэзідэнтаў Еўразвязу Беларусь штогод атрымлівае $ 1,2 млн. Канчатковае рашэнне адносна рэжыму ўезду прымае Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў