Не прызнаны ўладамі Саюз палякаў адмовіўся ад легалізацыі


Прычына – няўдалая спроба рэгістрацыі ў Берасці.

Як паведаміла “Белсату” кіраўніца не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжэліка Арэхва, рашэнне прынялі пасля таго, як прадстаўнікі арганізацыі паспрабавалі зарэгістравацца ў Берасці пад назваю “Пограничье” і атрымалі адмову з фармальных прычынаў.

Дакументы на рэгістрацыю падалі пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю польскім медыям, што, калі палякі захочуць зарэгістраваць у Беларусі яшчэ адно аб’яднанне, ім замінаць не будуць.

“Адмова ў рэгістрацыі Берасцейскаму аддзяленню – гэта сігнал, што заява Лукашэнкі – усяго толькі пустыя словы. Таму мы вырашылі не займацца бессэнсоўнымі дзеяннямі”, – гаворыць Анжэліка Арэхва.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі, хоць і расцэньвае заяву прэзідэнта як перадвыбарны піяр перад Еўропаю, не выключае, што апальны Саюз палякаў могуць зарэгістраваць: “Афіцыйны Менск хоча выглядаць ліберальна і развеяць перад Еўропаю міф пра апошнюю дыктатуру”.

На ягонае меркаванне, улада можа пайсці на малыя паслабленні трэцяму сектару і зарэгістраваць арганізацыю пад іншаю назваю. Пакуль гэтаму замінае інертны бюракратычны апарат на месцах: “Магчыма, берасцейскае чынавенства яшчэ не атрымала выразнай адмашкі зверху, таму перастрахоўваецца”, – мяркуе палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары