Суд за локшыну для БТ


У адміністрацыі Маскоўскага раёну заўтра разгледзяць “справу” няпоўнагадовага Уладзіслава Лобава. Юнака вінавацяць у тым, што гэта нібыта ён выліў на ганак Белтэлерадыёкампаніі вядро локшыны.

“Знайшліся сведкі, якія нібыта бачылі, што сярод іншых у акцыі ўдзельнічаў і мой сын. Хоць яго там і блізка не было. Але ж вы ведаеце, як у нас складаюцца пратаколы аб правапарушэннях, і хто звычайна выступае ў якасці сведак”, – пракаментавала “Белсату” гэтую навіну маці няпоўнагадовага “парушальніка” Марына Лобава. Жанчына звяртае ўвагу на тое, што пратакол, складзены на ейнага сына, несапраўдны – маладзёна дапытвалі без прысутнасці дарослых.

У справядлівае разбіральніцтва камісіі Марына Лобава не верыць, таму абараняць інтарэсы Уладзіслава Лобава будзе адмыслова наняты адвакат. Спадарыня Лобава нагадвае, што ўлетку справу ейнага сына ўжо разглядалі на камісіі. За ўдзел у акцыі супраць зруйнавання турэмнага шпіталю Уладзіслава Лобава пакаралі адміністратыўным штрафам. “Жанчыны, што ўваходзяць у камісію, хацелі абмежавацца толькі папярэджаннем, аднак міліцыянт, што адмыслова прыйшоў на паседжанне, настояў на штрафе”, – узгадвае Марына Лобава.

Жанчына гаворыць, што праз сваю актыўную дзейнасць Уладзіслаў вымушаны быў сысці з інстытуту прадпрымальніцтва і парламентарызму, дзе правучыўся ўсяго некалькі месяцаў. “Пачалі наведвацца ў інстытут працаўнікі КДБ, праз гэта пачаўся ціск з боку рэктара і загадчыка кафедры. Уладзіслаў не вытрымаў і пасля новага года забраў адтуль дакументы”, – гаворыць спадарыня Лобава.

belsat.eu

Стужка навінаў