Дзмітрыеў: Можа, АГП мяне выключыла, каб прапіярыцца?


«За нанясенне палітычнай шкоды» – з такою фармулёўкай Аб’яднаная грамадзянская партыя выключыла са сваіх шэрагаў Андрэя Дзмітрыева, які цягам прэзідэнцкай кампаніі кіраваў штабам іншага кандыдата – Уладзіміра Някляева.

Такое рашэнне прынялі вечарам 10 студзеня на пасяджэнні Менскай гарадской рады партыі. «Палітычная шкода відавочная, – тлумачыць на сайце ucpb.org старшыня сталічнай арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў. – Возьмем мінулыя выбары. Упершыню партыя рашэннем з’езду вылучыла свайго кандыдата на прэзідэнцтва. Пры гэтым Дзмітрыеў, які быў не проста шараговым сябрам партыі, а чальцом Нацыянальнага камітэту і кіраўніком Міжнароднай камісіі АГП, дэманстратыўна кіраваў штабам абсалютна іншага кандыдата. Як гэта разглядаць, калі не як палітычную шкоду?»

Другім ударам па рэпутацыі Паўлаў назваў заяву Дзмітрыева, якая прагучала на беларускім тэлебачанні пасля 19 снежня 2010 г. (у ёй апошні асудзіў дзеянні апазіцыі). Дарэчы, з аналагічнаю заяваю на экране дзяржаўнага тэлебачання «засвяціўся» і сам кандыдат на прэзідэнцтва ад АГП Яраслаў Раманчук. Аднак яму, паводле кіраўніка сталічнай арганізацыі АГП, трэба аддаць належнае: пасля інцыдэнту «ён знайшоў у сабе мужнасць, напісаў заяву і выйшаў з партыі».

Паўлаў выказаў упэўненасць у тым, што Дзмітрыеў створыць валтузню вакол свайго выключэння і абвінаваціў яго ў стварэнні левацэнтрысцкай партыі, што «ідзе насуперак ідэалогіі АГП».

Неўзабаве свой пункт гледжання на выключэнне агучыў і Андрэй Дзмітрыеў.

«Мне ўсе тэлефануюць і віншуюць, прычым абсалютна сур’ёзна, без ценю іроніі. Гэта паказальна, – распавёў «Салідарнасці» Андрэй Дзмітрыеў. – Што тут скажаш? Прынялі рашэнне цішком, з зайздроснаю «хуткасцю» адрэагаваўшы на падзеі 2010 года. Магчыма, такі крок зроблены цяпер у рамках рыхтавання да хуткага з’езду АГП і дзеля таго, каб нагадаць пра сябе».

Паводле Дзмітрыева, які працуе цяпер у грамадзянскай кампаніі Уладзіміра Някляева «Гавары праўду!», навіна пра левацэнтрысцкай партыю была для яго сюрпрызам. «Добра хоць, што не прыпісалі намер узначаліць «Белую Русь», – пажартаваў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў