Беларусь накіравала ў Латвію аднаўленчы цягнік


Беларуская чыгунка (БЧ) накіравала аднаўленчы цягнік у Латвію, дзе з рэек сышлі 17 вагонаў-цыстэрнаў з хімічнымі рэчывамі, паведамляе прэс-служба БЧ.

Таварны цягнік з Беларусі, які перавозіў хімічныя рэчывы, у ноч на 9 студзеня сышоў з рэек і перакуліўся непадалёк Даўгаўпілсу (401-ы кіламетр станцыі Краўя Латвійскай чыгункі), у выніку чаго адбылася ўцечка хімікатаў – 360 т мінеральнай змазкі і тэхнічнага растваральніку.

«Для аказання дапамогі ў ліквідацыі наступстваў сходу вагонаў у Латвію накіраваны аднаўленчы цягнік станцыі Полацк УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Удакладняецца таксама, што «вагоны прыналежнасці Беларускай чыгункі сярод тых, што сышлі з рэек, адсутнічаюць».

Паводле інфармацыі БЧ, з-за здарэння пасажырскі цягнік № 388 Рыга–Менск прыбыў у пункт прызначэння 9 студзеня са спазненнем на 5 гадзінаў 21 хвіліну.

belsat.eu

Стужка навінаў