24 студзеня Менгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага


Разгляд касацыйнае скаргі праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Менскім гарадскім судзе прызначаны на 24 студзеня. Пра гэта жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук паведамілі сёння ў сталічным гарсудзе.

9 студзеня Наталля Пінчук прыйшла ў суд, каб атрымаць дазвол на спатканне з мужам. “Аднак там ёй сказалі, што ў суд ужо паступілі дакументы ў дачыненні Бяляцкага, і разгляд ягонае касацыйнае скаргі прызначаны на 10-ю ранку 24 студзеня”, – паведаміў калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама расказаў, што праваабаронцы сабралі амаль усю суму, неабходную для пагашэння страты, якую нібыта нанёс дзяржаве асуджаны Бяляцкі. “Паводле звестак на 6 студзеня, на рахунак Наталлі Пінчук ужо паступіла 735, 059 млн рублёў добраахвотных ахвяраванняў. Зараз мы прапрацоўваем пытанне, як пералічыць гэтыя грошы дзяржаве: на які рахунак, як ажыццяўляецца працэдура і гэтак далей. Страты Бяляцкага дзяржаве мы пагасім да разгляду касацыйнай скаргі ды спадзяёмся, гэта паўплывае на рашэнне Мінгарсуда аб змякчэнні прысуду Бяляцкаму”, – зазначыў Стэфановіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў: пагашэнне сумы страты, вызначанай судом, не азначае прызнання віны Алеся Бяляцкага.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры).

Цяпер асуджаны праваабаронца ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна. Згодна з прысудам, Бяляцкі мусіць выплаціць дзяржаве 757 526 717 рублёў (каля 90 тыс. долараў) нібыта для кампенсацыі страты, нанесенай нявыплатаю падаткаў.

belsat.eu

Стужка навінаў