65 дзень пратэстаў. Газ супраць пенсіянераў, перакрытыя дарогі і страляніна


У панядзелак 12 кастрычніка ў Менску і рэгіёнах прайшлі Маршы пенсіянераў, не абышлося без затрыманняў, у сталіцы сілавікі ўжылі святлошумавыя патроны слезацечны газ. У адказ увечары людзі пачалі блакаваць дарогі.

Маршы пенсіянераў

Больш за тысячу пенсіянераў прайшлі шэсцем па праспекце Незалежнасці ў Менску. Яны выйшлі на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў на нядзельным маршы. Пажылыя людзі дайшлі да БНТУ, дзе іх віталі студэнты.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Пачаліся затрыманні, пенсіянеры абаранялі моладзь, адбыліся сутычкі. У гэты момант сілавікі прымянілі спецсродкі: паводле МУС, быў ужыты слезацечны газ і святлошумавыя патроны з пісталета «Аса». Прынамсі адной жанчыне стала блага, да месца здарэння ехалі машыны хуткай дапамогі.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Таксама на марш выйшлі пенсіянеры Горадні, Берасця, Ліды, Гомля. У Гомлі затрыманыя 6 чалавек, у Горадні – 7. З імі правялі «прафілактычныя гутаркі».

Тым часам МУС выпусціла відэазварот першага намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, дзе той пагражае баявой зброяй пратэстоўцам.

«Ад імені МУС заяўляю: мы не сыдзем з вуліцаў і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю», – выказаўся ён.

Абноўлена
Беларускія пенсіянеры выйшлі на марш. Сілавікі ўжылі спецсродкі, ёсць пацярпелыя
2020.10.12 16:42

Журналісты: на волі і за кратамі

Журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч выйшаў на волю пасля ночы ў пастарунку. Яго прызналі вінаватым у «непадпарадкаванні міліцыі» (арт. 23.4 КаАП) і «удзеле ў несанкцыянаванай акцыі» (арт. 23.34 КаАП). Змітра аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

Журналістка Яўгенія Долгая вызваленая пасля трох содняў у ЦІП на Акрэсціна, таксама аштрафаваная на 30 базавых.

Затрыманых сёння на маршы ў Горадні журналістаў БелаПАН Сяргея Людкевіча і Марыну Харэвіч вызвалілі без пратаколаў.

У Гомлі Ларыса Шчыракова і Ганна Якштас, якія правялі трое содняў у ізалятары, пакараныя штрафамі ў 30 і 20 базавых адпаведна.

Інфармацыі пра вызваленне затрыманых у Менску фотакарэспандэнтаў «Камсамольскай праўды» і ТАСС Святаслава Зоркага і Наталлі Фядосенка на момант публікацыі няма.

23-гадовая журналістка Алена Доўнар, якая раней была пакараная 15 соднямі арышту і мусіла выйсці на волю ўчора, засталася на Акрэсціна. Стала вядома, што ёй прысудзілі яшчэ 15 содняў паводле арт. 23.34 КаАП.

У Магілёве журналісту «Белсату» Аляксандру Сідарэўскаму прысудзілі 15 содняў арышту за ўдзел у акцыі, якую той асвятляў.

Hавiны
Журналісту «Белсату» Аляксандру Сідарэўскаму прысудзілі 15 содняў арышту
2020.10.12 23:15

Блакаванне дарог

Пасля разгону пенсіянераў святлошумавымі патронамі ў тэлеграм-чатах з’явіліся заклікі выходзіць на пратэст увечары і блакаваць дарогі.

Прыкладна а 21-й гадзіне ў шматлікіх раёнах сталіцы людзі з ланцугоў салідарнасці на тратуарах перамясціліся на праезную частку. Выйшлі ў Лебядзіным, Каменнай горцы, Серабранцы, ля ГЦ «Рыга», ва Уруччы, Грушаўцы, Зялёным лузе ды іншых мікрараёнах. Сілавікі прыехалі са зброяй амаль у кожны «пратэставы» раён, фактычна адразу распачалі затрыманні.

У Шабанах пратэстоўцы запалілі пакрышкі, на Каменнай горцы перагарадзілі дарогу пластыкавымі блокамі.

Відавочцы паведамляюць, што ў Серабранцы было чуваць стрэлы. Таксама стралялі на Каменнай горцы (туды неўзабаве пад’ехала машына хуткай і ля ГЦ «Рыга».

Вядома таксама пра спробу блакаваць дарогу ў Гомлі і кропкавыя затрыманні там.

Санкцыі супраць Лукашэнкі будуць?

Міністры замежных спраў 27 краін ЕЗ на сустрэчы ў панядзелак заявілі, што супраць Аляксандра Лукашэнкі могуць быць уведзеныя персанальныя санкцыі за жорсткі разгон акцый пратэсту.

У сённяшняй супольнай заяве міністраў адзначаецца, што ЕЗ «рашуча асуджае гвалт, да якога звяртаюцца беларускія ўлады» і «гатовы ўжыць далейшыя абмежавальныя меры, у тым ліку супраць розных структур і высокапастаўленых чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку».

Тым часам Літва адклікала яшчэ 6 сваіх дыпламатаў з Беларусі, як таго патрабавала беларускае МЗС. У зваротным выпадку іх пагражалі зрабіць персонамі нон грата.

Hавiны
Літва адклікае яшчэ шэсць дыпламатаў з Беларусі
2020.10.12 20:44

КА belsat.eu

Стужка навінаў