Тэлеаператара пакаралі 11 днямі арышту, актывісту далі 15


Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў тэлеаператара Аляскандра Баразенку 11 днямі адміністрацыйнага арышту. Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Мікіту Каваленку арыштавалі на 15 дзён. Абодвух суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання.

Учора незалежнага журналіста затрымалі падчас выканання працоўных абавязкаў. Ён здымаў адзіночны пікет салідарнасці з палітвязнямі ля будынку КДБ у Менску, што ладзіў сябра грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Мікіта Каваленка. Актывіст разгарнуў партрэты палітзняволеных і бел-чырвона-белы сцяг, але праз некалькі хвілінаў яго затрымалі людзі, якія выбеглі з будынку. Арыштавалі таксама журналіста.

Затрыманых даставілі спачатку ў КДБ, затым – ва УУС Цэнтральнага раёну. Мінулую ноч яны правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

belsat.eu

Стужка навінаў