Аляксандр Мілінкевіч: Такія асобы, як Гавэл, прыходзяць раз на 100 гадоў


У Менску, у офісе руху “За Свабоду”, прайшоў вечар памяці былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.

На вечары прысутнічала другі сакратар пасольства Чэхіі ў Беларусі Даґмар Дзідэнка-Новаградска (Dagmar Didenko-Novohradska), якая адзначыла, што Вацлаў Гавэл стаў сапраўдным героем свайго часу.

„Для Беларусі Гавэл шмат рабіў. Ён казаў: няма Беларусі без Еўропы, а Еўропа будзе непаўнавартаснай без Беларусі, – прыгадвае лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. – Я думаю што гэтая словы вартыя шмат чаго, у гэтым вялкі сэнс нашага еўрапейскага паходжання”.

Журналістка Ірына Халіп, жонка асуджанага экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, прыгадала, што падчас турэмнага зняволення пасля падзей 19 снежня 2010 года ў Менску з ёю ў камеры захоўваўся ліст-зварот Вацлава Гавэла, які праз усе “шмоны” цудам зберагла ейная калега – Наталля Радзіна.

“На жаль, я не ведаю, ці атрымаў мой муж у турме паштоўку ад Гавэла, – сказала Халіп, – але ведаю, што Вацлаў Гавэл адразу пачаў рабіць усё магчымае, каб абараніць беларускіх палітзняволеных. Наагул, гэта той чалавек, чыя асоба, чый вобраз, напэўна, дапамагае вытрымаць выпрабаванні за кратамі: калі Гавэл здолеў такое перажыць – і мы павінны вытрымаць”.

“Думаю, такія асобы, як Гавэл, прыходзяць раз на сто гадоў, – лічыць лідар руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. – Было шмат людзей, якія вялі барацьбу з таталітарызмам на постсацыялістычнай прасторы, але Гавэл – гэта асаблівая фігура. Тое, што ён быў, увогуле кажучы, і для нас вельмі важна, хаця і беларусам вельмі хацелася б мець такога абсалютнага маральнага лідара, лідара палітычнага, лідара барацьбы за дэмакратыю. Будзем спадзявацца, што ён яшчэ з’явіцца”.

belsat.eu

Стужка навінаў