Аляксей Дзікавіцкі ў «Гарачым каментары»


Журналістку Таццяну Бублікаву затрымалі сёння ў Менску пры выкананні працы. У судзе яна назірала за працэсам жыхара Гомлю супраць “Белтэлерадыёкампаніі”. Дзяржаўнае тэлебачанне ў адным са сваіх сюжэтаў паказала сваякоў пазоўніка такім чынам, нібыта яны мелі дачыненне да гандлю людзьмі. Аднак інфармацыя выявілася непраўдзіваю.

Паводле Бублікавай, суд дэманстратыўна заняў пазіцыю паклёпнікаў. У нейкі момант журналістка не вытрымала фарсу, паднялася і сказала: “Вы яшчэ назавіце чорнае белым”, – і выйшла ў калідор, дзе яе затрымалі – нібыта за знявагу суду, і даставілі ў міліцыю. Праз тры гадзіны Бублікаву завезлі ў суд, каб скласці пратакол. Аднак суддзі на месцы не было, і журналістку адпусцілі.

Кіраўнік інфармацыйнай службы “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі нагадаў, што год таму Таццяну затрымалі, калі яна рабіла рэпартаж пра падзеі на Плошчы. Ёй прысудзілі 10 дзён арышту. Ён падкрэсліў, што ў такой сітуацыі застаецца большасць незалежных журналістаў у Беларусі.

Госць “Гарачага каментара” мяркуе, што шмат хто з працаўнікоў праваахоўных органаў таксама глядзіць “Белсат”, але яны прызвычаіліся падпарадкоўвацца загадам. Начальства, дапускае Дзікавіцкі, можа ненавідзець канал і тых хто на ім працуе, за аб’ектыўнасць. У выпадку затрыманняў, адзначае ён, часта дапамагаюць масавыя тэлефанаванні ў адпаведны аддзел міліцыі. Розгалас вакол справы звычайна заканчваецца вызваленнем.

belsat.eu

Стужка навінаў