«Маладыя дэмакраты» выйшлі калядаваць


Чальцы моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты” віншуюць менчукоў, замежных дыпламатаў і вядомых людзей Беларусі з Раством і Калядамі.

Віншавальнае шэсце актывістаў пачалося з Камароўскага рынку ў Менску. Каля дзесяці маладых людзей у касцюмах Казы, Ваўка і з шастом, увенчаным каляднаю зоркаю, прайшлі з каляднымі песнямі па рынку. Яны віншавалі прадаўцоў і пакупнікоў са святам. Тыя прапаноўвалі маладым людзям прадукты і грошы.

Як кажуць самі актывісты, гэтая ідэя прыйшла да іх днямі, таму як след падрыхтавацца не паспелі. Нават калядныя песні гралі з магнітафона, што абурыла шмат якіх наведнікаў рынку.

Як паведаміў лідар “Маладых дэмакратаў” Алег Корбан, усе сабраныя падарункі ды сродкі будуць накіраваны ў дзіцячыя дамы і дзецям-сіротам. Паводле яго, “Маладыя дэмакраты” ўжо некалькі гадоў праводзяць кампанію дзеля дапамогі дзецям.

Пасля паходу па Камароўскім рынку актывісты накіраваліся ў пасольствы Польшчы, Чэхіі, Швецыі ды шэраг іншых дыпламатычных прадстаўніцтваў. Затым яны плануюць наведаць вядомых у Беларусі людзей – сярод іншых, паэта, былога кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева, а таксама ганаровага старшыню АГП Станіслава Багданкевіча, паведаміў Корбан.

belsat.eu

Стужка навінаў