Залескі: Чакайце сюрпрызаў пасля павышэння базавай велічыні


З павелічэннем з 1 красавіка базавай велічыні да 100 тыс. руб. узнімуцца стыпендыі ды памеры дапамогі. Аднак ёсць і тыя, каму давядзецца плаціць утрая больш. Перадусім гэта прадпрымальнікі, якія ўжо цяпер падлічваюць будучыя выдаткі.

Штомесячная арэнда такой невялікай крамы на Ракаўскім рынку ў Менску каштуе прадпрымальніку Алесю Макаеву 1,3 млн руб. І з красавіка пасля павышэння базавай велічыні за тыя самыя 10 квадратных метраў трэба будзе плаціць амаль утрая больш. «Прадпрымальнікі яшчэ аптымістычна думаюць, што вырастуць заробкі, то бок і гандаль будзе большы… але ж заробкі не да базавай велічыні, а да тарыфнай стаўкі…» – гаворыць бізнесовец.

Стаўку І разраду са студзеня паднялі на 32,5 %. Базавая ж велічыня з красавіка павялічваецца адразу на 185 %.

У сваю чаргу кіраўнік беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў гаворыць, што для яго рашэнне ўраду павысіць базавую велічыню сталася прыемнаю навіною, бо да яе прывязаная аплата рыелтарскіх паслугаў: «100 тысячаў – гэта якраз трохкратнае павышэнне, якое адбылося і з курсам долара. Адноўленая сацыяльная справядлівасць, нашыя працаўнікі змогуць атрымліваць такі заробак, які яны атрымлівалі год таму». Аднак ёсць і адваротны бок медаля: «Несумненна, для грамадзянаў рыелтарскія паслугі падаражаюць, але не абавязкова ўтрая. Можа быць, удвая… залежыць ад пагаднення і складанасці аб’екту».

Апаненты ўлады, якіх суды перыядычна караюць буйнымі штрафамі, таксама павялічаць свае плацяжы ў дзяржбюджэт. Эканаміст Міхась Залескі гаворыць, што на базавую велічыню завязанае практычна ўсё. Ад рэгістрацыі шлюбу і аплаты студэнцкага інтэрнату да штрафаў і дзяржаўных мытаў: «Цяпер гэтая базавая велічыня ўключаная ў тры сотні заканадаўчых актаў. З ёй столькі ўсяго звязанага і добрага, і кепскага, што гэтыя змены пацягнуць нечаканыя вынікі».

За 10 гадоў базавая велічыня вырасла з 10 тыс. да 100 тыс. руб. «Значыцца, у 10 разоў змяніліся базавыя паказнікі ўсёй эканомікі. У лепшы бок ці ў горшы? Я думаю, што не ў лепшы», – кажа Міхаіл Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў