Ільготы на жытло аднавілі шматдзетным сем’ям і вайскоўцам


Астатнім дольнікам плацяжы пакуль не пераводзяць, нягледзячы на пераднавагоднія абяцанні.

Напярэдадні Новага года «Беларусбанк» аднавіў ільготнае крэдытаванне жытла паводле раней заключаных дамоваў. Кіраўніцтва банку абяцала, што грошы атрымаюць не толькі дольнікі, чые дамы здаюцца ў 2011 г., але і іншыя кліенты, з якімі былі заключаныя дамовы.

Што праўда, у 2011 г. Аляксандр Лукашэнка так і не падпісаў указу аб ільготным крэдытаванні жытла. Раней паведамлялася, што праект дакументу ўжо гатовы. Аднак у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва кажуць, што крытэры давання льготаў усё яшчэ прапрацоўваюцца на ўзроўні ўраду.

«Крэдытаванне пакуль аднавілі для вайскоўцаў і шматдзетных сем’яў, – кажа намеснік міністра Дзмітрый Семянкевіч. – Наконт іншых катэгорыяў насельніцтва пытанне будзе вырашацца паступова».

Канкрэтнага тэрміну, калі дзяржава канчаткова вызначыцца з крытэрамі, а ўсе чаканыя ўказы будуць падпісаныя, няма. Вядома, што кошт квадратнага метра ў кватэры з адштукаваннем складзе 3,6 млн руб.

На меркаванне камерцыйнага дырэктара агенцтва нерухомасці «Універсальныя юрыдычныя паслугі» Арцёма Вайніловіча, скарачэнне крэдытаў негатыўна адаб’ецца на рынку нерухомасці. «Ільготны крэдыт – гэта асноўная магчымасць для 70 % беларускіх сем’яў пабудаваць жытло. Адсоткі па камерцыйных крэдытах складаюць ад 31 да 49 % – гэта непадымныя ўмовы для нашых грамадзянаў», – кажа эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары