Дапамога па даглядзе за дзіцём-інвалідам вырасце на 35 %


Яна дасягне 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. На сёння гэта складае 574 790 руб.

На думку дырэктара ГДА «Гарадзенскі дзіцячы хоспіс» Вольгі Шульгі, нават павялічаная сума не дастатковая для бацькоў, якія выхоўваць дзіця з асаблівасцямі развіцця. «Па вялікім рахунку, гэтых грошай стае на 2–3 пакункі памперсаў, адзін пакунак каштуе больш за 200 тысяч рублёў. За што купляць адзенне, лекі – застаецца праблемаю», – адзначае эксперт.

У Міністэрстве працы і сацыяльная абароны паведамілі, што таксама разглядаецца магчымасць прапановы кароткачасовых паслугаў дзённага дагляду дзяцей няпоўным сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, і сем’ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў. «Сацыяльная нянька для дзіця-інваліда дасць маці або іншаму сваяку перадышку. Дагляд за такімі дзецьмі патрабуе ад блізкіх поўнай самааддачы, яны прысвячаюць гэтай нялёгкай справе практычна ўвесь вольны час, не маючы магчымасці вырашыць нейкія асабістыя справы», – заўважыў начальнік упраўлення дзяржаўнага сацыяльнага падтрымання насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Нагібін.

У стадыі распрацоўвання і такі новы тып паслугаў, як сацыяльная перадышка – магчымасць для сем’яў кароткатэрмінова змясціць дзіця-інваліда ў стацыянарную сацыяльную ўстанову. А кіраўнікам прадпрыемстваў рэкамендавалі прадугледзець у калектыўных дамовах крокі падтрымання сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

На сёння ў Беларусі налічваецца 25,6 тыс. дзяцей-інвалідаў.

belsat.eu

Стужка навінаў