За што ўлады помсцяць Бяляцкаму?


Справа Бяляцкага можа аказацца пачаткам таго, што іншых апанентаў улады пачнуць саджаць выкарыстоўваючы «непалітычныя» артыкулы, папярэджвае палітолаг Аляксандр Класкоўскі. «Беларускае заканадаўства такое драконаўскае, што немагчыма працаваць, яго не парушаючы. Можна любога браць і саджаць, быў бы чалавек, а артыкул – знойдзецца», – гаворыць ён.

Паводле эксперта, пераслед Алеся Бяляцкага можа быць звязаны з шэрагам чыннікаў, адзін з іх – раздражненне, якое выклікала ва ўладаў дзейнасць праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронцам нярэдка ўдавалася ў вялікай ступені знейтралізаваць ціск на палітычных апанентаў улады – праз аказанне прававой ды матэрыяльнай дапамогі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. «Звышзадача ўладаў тут – паставіць на калені, паздзекавацца. А «Вясна» дапамагала трываць, дапамагала сем’ям. Гэта дзіка раздражняла, гэта проста помста», – зазначае палітолаг. Паводле Класкоўскага, другая прычына – спроба распачаць поўнамаштабную вайну з беларускім трэцім сектарам і праваабарончым рухам у прыватнасці. «Гэта вельмі з’яднаныя людзі, якія прыносяць уладам шмат галаўнога болю, выкрываючы тое, што робіцца за кулісамі беларускай мадэлі», – дадаў ён.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 24 лістапада асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым у хаванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага сталася інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы. Грошы з гэтых рахункаў накіроўваліся на падтрыманне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ды на забеспячэнне ім юрыдычнай дапамогі.

Менавіта на «эканамічны» артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога пакаралі Бяляцкага, звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі. «Калі за «палітыку» саджаць (за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), то гэта адыёзна, само заканадаўства – «драконаўскае», а вось за нявыплату падаткаў – і гэтым казыраюць беларускія ўлады – і ў Амерыцы за гэта саджаюць. Улада адпрацоўвае новую матрыцу, новую мадэль расправы з іншадумцамі», – мяркуе Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў