Сваякі палітвязняў звярнуліся да кіраўнікоў хрысціянскіх канфесіяў


З лістом да іерархаў з просьбаю дапамагчы ў вызваленні блізкіх звярнуліся Настасся Палажанка, Марына Адамовіч, Таццяна Севярынец, Вольга Бандарэнка, Наталля Пінчук, Марына Лобава і Ала Саннікава.

«Дарагія Айцы Пастыры! Мы, маці, жонкі, нявесты людзей, якія былі затрыманыя, збітыя і беспадстаўна асуджаныя пасля выбараў 2010 года або трапілі за краты ўжо ў 2011 годзе – Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава і Алеся Бяляцкага, – звяртаемся ў гэты светлы час Божага Нараджэння да Вас, Дарагія Пастыры, з заклікам дапамагчы: паспрыяйце, калі ласка, хуткаму вызваленню нашых любімых сваякоў», – гаворыцца ў звароце.

«Нашы сыны, мужы і жаніхі – цудоўныя, мужныя людзі Беларусі: дыпламаты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, шчырыя вернікі і сумленныя людзі. Яны любяць нашу краіну і людзей і не заслугоўваюць пакутаў у турмах», – гаворыцца ў лісце.

Сваякі палітвязняў зазначаюць, што прайшоў ужо год, як яны ў турме. «Для нас ён зрабіўся крыжовым шляхам пакутаў. Шмат хто з нас сам прайшоў праз арышты, суды і турмы, абараняючы сваіх мужоў і сыноў, мы не кажам ужо пра боль, слёзы, бяссонныя ночы. Мала таго, што яны несправядліва асуджаныя і ўтрымліваюцца ў зняволенні, на іх аказваецца пастаянны ціск: фізічны, духоўны і маральны. Дзмітрый Дашкевіч за гэты час страціў маці, перажыў некалькі цяжкіх этапаў і цяпер з-за пагрозы свайму жыццю адбывае пакаранне ў камеры-адзіночцы, як і Андрэй Саннікаў. Ад Андрэя Саннікава ўжо другі месяц няма фактычна ніякіх звестак, да яго не могуць трапіць ні жонка, ні адвакат. Пасля таго як прысуд набыў сілу, ён перажыў ужо два этапы, змяніў тры турмы. Мікалай Статкевіч у камеры чакае чарговага суда – яму пагражае перавод у турму. Дзмітрый Бандарэнка – хворы, мае патрэбу ў неадкладнай медычнай дапамозе, бо інакш можа зрабіцца інвалідам. А бацька Алеся Бяляцкага памёр ад раку лёгкіх. Ёсць яшчэ зняволеныя, якія адбываюць тэрміны паводле палітычных матываў, такія як Мікалай Аўтуховіч, Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч ды іншыя», – падкрэсліваюць аўтары звароту.

Яны таксама звяртаюць увагу, што яны «прайшлі фактычна ўсе беларускія судовыя інстанцыі, зрабілі ўсё, што было ў нашых, чалавечых сілах, але марна». «Цяпер мы спадзяёмся на Бога і Яго Міласць, Міласэрнасць і Цуд. Верым, што Бог дзее праз людзей. І цяпер усе мы чакаем цуду Божай Справядлівасці і Вашага дзеяння!» – гаворыцца ў звароце.

Ён адрасаваны Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі, Мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філарэту, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Кляўдыё Гуджэроцці, Арцыбіскупу Менска-Магілёўскаму, Метрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, епіскапам Сяргею Хомічу, Майсею Астроўскаму, Вячаславу Ганчарэнку і Леаніду Біруку.

belsat.eu

Стужка навінаў