Уладзімір Мацкевіч: Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі – блізняты


Палітолаг Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што пратэсты ў Расеі не будуць мець уплыву на сітуацыю ў Беларусі ды не пагражаюць рэжыму Пуціна.

У суботу масавыя акцыі пратэсту адбыліся ў шэрагу буйных гарадоў Расеі. У Маскве ў мітынгу ўзялі ўдзел да 100 тыс. чалавек. Аднак Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што гэтыя акцыі не нясуць пагрозы рэжыму Пуціна. «На гэтае «свята непаслухмянасці» выходзяць людзі, што не збіраюцца змагацца і супрацьстаяць гэтаму рэжыму. Яны прыйшлі за эмоцыямі, за драйвам. Яны цалкам уладкаваныя ў пуцінскім рэжыме – гэта тычыцца і шматлікіх журналістаў, і розных гламурных удзельнікаў кшталту Сабчак, Кандэлакі ды гэтак далей», – заявіў палітолаг.

Уладзімір Мацкевіч таксама звярнуў увагу на вялікія адрозненні ў ідэалагічных прыярытэтах удзельнікаў пратэстаў: гэта і правыя лібералы, і крайне левыя, нацыянал-бальшавікі.

Палітолаг падкрэсліў, што бліжэйшым часам стасункі паміж Расеяй і Беларуссю застануцца на ўзроўні цеснай супрацы двух палітычных недэмакратычных рэжымаў. «Пуцінскі рэжым застанецца. А пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы – гэта блізняты, яны будуць адзін аднаго падтрымліваць і надалей. Чакаць нейкага ўплыву на беларускую сітуацыю саміх пратэстаў не даводзіцца. Больш за тое – можа быць, гэта яшчэ і замарудзіць беларускі супраціў, бо зноў беспадстаўныя спадзяванні на Расею ўзмацняцца, – падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч. – Мы павінны ўсвядоміць раз і назаўсёды: не будзе ад Расеі і ад Масквы нам аніякай дапамогі».

belsat.eu

Стужка навінаў